Захарэнка (Антановіч) Іна Мікалаеўна
д. Залещино
У жніўні 1942 года мне было ўжо пяць год. Мае бацькі і старэйшая сястра Тоня сушылі сена ў Гаравых. Яны ўбачылі, што з боку Антонава ідуць немцы. Мае хуценька на кані вярнуліся ў вёску, падхапілі малодшых дзяцей, і мама павезла іх у Жоўтаўшчыну, падалей ад немцаў, да сваёй сястры. А ў вёсцы засталіся Тоня і Ніна, якой было 16 год. Бацька хутка хадзіў і здагнаў нас пешшу.
Тоня пайшла да суседзяў цераз вуліцу, а Ніна тым часам гнала па вуліцы быка, каб зачыніць яго ў хлеве. Немцы акружылі вёску і стралялі на хаду. Яны паранілі Ніну, а потым дабілі яе стрэлам у галаву. А тады пачалі падпальваць хаты. Тоня ўсё гэта бачыла з суседскай хаты. Яе разам з іншымі пагналі ў Полацк, але пасля адпусцілі.
Як выявілася, пагром стаў вынікам дыверсіі партызан на Беніслаўскім мосце. Нехта сказаў немцам, што партызаны былі з Зялёнаўшчыны. Але ў сагнаных на допыты ў Полацк не знайшлося “партызанскіх” прозвішчаў.
Мой 18-гадовы брат Міця ў гэты дзень хадзіў з сябрам на пошук зброі – яны збіраліся пайсці ў партызаны. Вяртаючыся дадому, яны пачулі выбухі з боку вёскі. Гэта ўзрываліся боепрыпасы ў хаце Шыцікаў, калі яна гарэла, падпаленая немцамі. Пасля гэтага фашысты азвярэлі і пачалі падпальваць хаты. Людзі ж кінуліся наўцёкі хто куды.
Уначы Міця прыйшоў у вёску і ўбачыў на вуліцы забітую Ніну. Каля яе былі парася і сабачка, якія ахоўвалі сваю любую гаспадыню. Ніну пахавалі ў Жоўтаўшчыне. Памятаю, што труна стаяла ў цётчыным садзе…. У 1990-х мы з Міцем паставілі ёй помнік.
Пасля таго, як згарэла наша вёска, мы жылі ў розных мясцінах, пакуль не прытуліліся яшчэ ў адной мамінай сястры ў Цярэшках. Адтуль тата і Міця пайшлі на прыпісны пункт у Малавіды, дзе збіралі групы на фронт. А для нас хутка пачалося лясное жыццё, бо мы ўцякалі ад карнікаў. Тыя, што засталіся, трапілі ў жахлівыя кіпцюры смерці. Фашысты спалілі дзяцей майго дзядзі Антановіча, сярод якіх быў і мой аднагодак Жэнечка. Яго матуля, цёця Дуня, цягнула хлапчука за сабой, а немцы дабілі яго і кінулі ў агонь. Цёця Дуня засталася параненай у снезе, на ёй гарэла вопратка. Калі расправа была завершана, яна дапаўзла ў Паклады, дзе хаваліся Таня і брат Лёша і адкуль яе завёз да сябе ў Луначарскае матулін дзядзька.
Людзей стралялі і на беразе Свольны. Рака стала чырвонай ад крыві, а па заторах ад скінутых у раку расстраляных людзей можна было б перабірацца з берага на бераг – так шмат было ахвяраў.
З лесу мы ўсё ж трапілі ў лапы фашыстаў. Нас прыгналі ў Боркавічы, пасадзілі ў таварняк, павазілі туды-сюды і … адпусцілі, загадаўшы ісці да радні за чыгунку, дзе стаялі нямецкія гарнізоны і не было партызанаў. Гэта быў ужо 1944-ы, фашыстаў гналі ў іх логавішча, не шкадуючы куль і снарадаў. Мы ж ішлі пешшу на Валынцы. У мяне былі валёнцы на босую нагу, не было ні панчошак, ні штонікаў. Я моцна абмарозіла каленкі, і іх адціралі снегам. А потым яшчэ мы перахварэлі на тыф.
Твар сваёй сястрычкі Ніны я не памятаю. Памятаю толькі, як яшчэ мірным часам яна апранала мяне, паставіўшы на лаўку, перш чым пайсці на вуліцу. А яшчэ памятаю кветкі ля роднай хаты, асабліва мальву. Дом на папялішчы мы паставілі толькі ў 1949 годзе.
Я ўжо на восьмым дзясятку, але ўспаміны пра жахлівае ваеннае ліхалецце прыходзяць да мяне дасюль. І заўсёды са слязьмі. Самае ж моцнае маё жаданне – гэта мір ва ўсім свеце.
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




