Ваявода Васіль Ільіч - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Ваявода Васіль Ільіч

Вайна... Колькі гора, слёз і бедаў прыносіць яна. Майму дзядулю, Ваяводу Васілю Ільічу, 1931 года нараджэння, ураджэнцу вёскі Канчаны, успамінаць і сёння перажытае ў гады Вялікай Айчыннай вайны вельмі няпроста: надоўга губляе душэўны спакой, на вочы набягаюць слёзы, яшчэ мацней трывожыць хворае сэрца. Да Вялікай Айчыннай вайны вёска Канчаны налічвала пад сотню двароў. Гэта была адна з самых вялікіх вёсак Асвейшчыны.

Калі пачалася вайна, дзядулю было 10 гадоў. Ужо 26 – 27 чэрвеня 1941 года бамбавалі Асвею. Немцы ішлі на Асвейскую зямлю з боку Латвіі. У Асвеі яны ўсталявалі камендатуру.

У лютым 1943 пачалася карная экспедыцыя пад назвай “Зімовае чараўніцтва”. Зіма 1943 года была вельмі суровай. Жыхары Канчан пачалі сыходзіць у лясы. Мой дзядуля, яго бацька, маці, сёстры Алена і Ганна падаліся ў Ліснянскія лясы, ягоныя браты Аляксандр і Адам да вайны былі забраныя ў войска, там і сустрэлі пачатак вайны. Аляксандр прапаў без вестак у 1941 годзе, Адам вярнуўся з фронту ў родную вёску ў 1945-м.

Пра тое, што рыхтуецца карная экспедыцыя, насельніцтва папярэдзілі партызаны. Хто не паспеў сысці ў лес, тых расстрэльвалі, спальвалі або адпраўлялі ў канцлагеры. Карнікі не спыняліся ні перад чым: старыя, дзеці, жанчыны – каты над усімі здзекаваліся і ўсіх знішчалі.

Асвейская зямля перажыла некалькі карных экспедыцый, але самая страшная была ў лютым 1943-га, калі немцы пачалі прачэсваць лясы, дзе хаваліся мірныя жыхары. У лесе выжывалі, як маглі, стараліся сыходзіць у цяжкадаступныя балоты, каб далей схавацца ад карнікаў. Але немцы рабілі набегі і на балоты, бежанцы кідалі апошнія рэчы, каб уцячы ад ворага. Фашысты гучна апавяшчалі, што тыя, хто выйдзе з балота, будуць дараваныя і пакінутыя ў жывых. Некаторыя паддаваліся на хітрыкі немцаў: выходзілі цэлымі сем'ямі з дзецьмі – і адразу траплялі пад кулі. Самае страшнае, пра што ўспамінаў дзядуля, – гэта было бачыць расстраляных людзей, асабліва дзяцей, якія, трымаючыся за шыю мацярок, разам з імі прымалі смерць.

Было страшна, голадна, але вельмі хацелася жыць. Пасля карнай экспедыцыі сям'я дзядулі, як і многія іншыя сем'і, не вярнулася ў вёску, а спынілася ў мясціне пад назвай Прыдаткі, што каля двух кіламетраў ад Канчан. Там пабудавалі зямлянкі, неяк перабіваліся. У хлапчукоў аднекуль з'явіўся бінокль, але, праўда, з адным шклом. Хлопцы любілі ўзлезці на дрэва і паглядзець, што адбываецца на гасцінцы. Не было мяжы радасці, калі ў ліпені 1944 ўбачылі, што па ім рухаюцца войскі Савецкай Арміі.

Пад канец ліпеня 1944 года канчанцы пачалі вяртацца дадому. Дзядуля ўспамінаў : «Мы былі рады вяртанню. Хоць радавацца было няма чаму: вёска ўяўляла сабой пустку, ніводнага будынка, здавалася, што ўсё жывое памерла, а зямля стогне».

Каб захаваць сваю гісторыю, нам, маладому пакаленню трэцяга тысячагоддзя, трэба памятаць пра тых, хто цудам выжыў у тыя немагчымыя дні, здолеў выбрацца з агульнай пякельнай магілы пад назвай вайна, хто аддаў сваё жыццё, каб наступныя пакаленні жылі ў міры.

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс