Вараб’ёў Леанід Сцяпанавіч - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

55.979668 | 27.830028

Вараб’ёў Леанід Сцяпанавіч

д. Боровые

У нашай лясной вёсачцы, размешчанай пры Друйскім тракце, пражывала каля паўсотні чалавек. У нашай сям'і было трое дзяцей, Старэйшай сястры было пятнаццаць гадоў, малодшай – сем, мне – дванаццаць. У кожным доме хапала малышні.

У час вайны ў нашых мясцінах даволі хутка паўсталі партызанскія атрады, і мой бацька сышоў у партызаны. Дома ён з'яўляўся зрэдку.

У сярэдзіне лютага разгулялася моцная завіруха. Завыванні ветру былі трывожныя, не давалі спаць. А пад раніцу з боку суседніх Ліпавак пачуліся крыкі, стрэлы. Латвійская мяжа была ад нас не далей як за паўтара кіламетра, і мы былі заўсёды напагатове, бо партызаны хадзілі ў Латвію на аперацыі, і людзі чакалі фашысцкай адплаты. Але не такой, якой яно аказалася на самой справе.

Усе ўстрывожыліся, пачалі паспешліва апранацца, але ўсё ж разгублена марудзілі, бо за сцяной была злая мяцеліца. Я ж, не доўга думаючы, накінуў на плечы кажушок, абуў валёнкі і, правальваючыся ў снег, кінуўся да лесу, які быў зусім блізка. Мяцеліца адразу замяла мае сляды. Бакавым зрокам я бачыў, што з боку Ліпавак рухаюцца фашысты. Я ўжо быў пад полагам старых елак, калі ззаду пачуліся стрэлы. Карнікі забілі маю малодшую сястрычку, бо сёстры пабеглі за мной, і малая завязла ў гурбах. Цяпер я думаю, можа, Бог паслаў ёй лёгкую смерць.

Усіх вяскоўцаў пагналі ў Ліпаўкі. У ліку 211 спаленых у гэтай вёсцы загінулі наша маці і абедзве бабулі. Баравыя таксама спалілі. Сярод фашысцкага звяр’я большасць былі латыскія паліцэйскія. Колькі бадзяўся я па лясах – не памятаю. Аднойчы, ужо далёка ад роднай вёскі – за паўсотні кіламетраў – пасля чарговага налёту карнікаў я ачомаўся каля ракі Свольны. Побач ляжала забітая жанчына, а каля яе плакала малое дзіця. Чаму яго не забілі фашысты – не ведаю. Не ведаю, як ацалеў і я – напэўна, страціў прытомнасць, і мяне палічылі мёртвым.

І зноў я бадзяўся па лясах, як зверанё. Бацькі ў мяне ўжо не было – загінуў. Нарэшце, мяне падабралі партызаны, і я быў залічаны ў гаспадарчы ўзвод, а аднойчы нават хадзіў у Стралкі ў разведку.

З пачаткам вызваленчай аперацыі мяне, як і іншых падабраных дзяцей, на самалёце адправілі на Вялікую зямлю.

Невель, Вялікія Лукі, Таропец, Калінін, Масква – мае дзетдомаўскія этапы – паўгалодныя ды з хваробамі. Вучыўся на ліцейніка, ліў снарады. Калі давалі салют у знак вызвалення Даўгаўпілса, я пачуў, што вызвалілі мае родныя мясціны. Я ўцёк. Да Себежа даехаў на цягніках, а далей, кіламетраў сто, – пешшу.

Усюды былі папялішчы, вылі ваўкі. Былі спаленыя Пятроўшчына і Папартнава, Бабы і Калюты, Фальваркова і Булы, Козлава і Пустэльнікі, і далей, і ўсюды – суцэльная пустыня.

Тады я падаўся ў Латвію. Яшчэ кволым падлеткам чапляўся за жыццё як мог, пакуль яно не наладзілася. На Верхнядзвіншчыну вярнуўся пад старасць, жыву ў вёсцы Цінкаўцы. А ў родным куце зараз глуш. Нават Друйскі тракт зарос, зрэзаны каляінамі. На месцы вёскі Баравыя пасаджаны лес, але трава на былых гародах глушыць маладыя елачкі, і таму яшчэ бачны курган. А пад сховам елак на ўзлеску, куды я ўцякаў ад смерці, за жалезнай агароджай стаіць ажурны каваны крыж на магіле забітых. Імя маёй вёсачкі можна прачытаць і на магільнай пліце ў Хатыні.

Историческое место сожжённой деревни. Находилась на 2 километра северо-восточнее от деревни Липовки (Ліпаўкі).
Боровые. Сарьянский сельсовет, Верхнедвинский район, Витебская область.

Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».

QR - третий блок
Вы можете построить маршрут к мемориалу в своём смартфоне. Воспользуйтесь этой возможностью. Посетите места боли и скорби. Отдайте дань памяти безвинно погибшим и замученным.
Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс