Валенцік Франя Юльянаўна
д. Немцы
У вёсцы Немцы было 17 двароў і пражывала больш за 100 жыхароў. У нашай сям'і Ветравых было сем душ: чацвёра дзяцей, бацькі і бабуля. Бацька быў інвалідам (глухі), бабулі (па бацьку) да пачатку вайны было 82 гады. Наш дом знаходзіўся на краі вёскі, а ў цэнтры жыў дзядуля, мамчын бацька Адам Антонавіч Грэер. Казалі, што ад «нярускага» прозвішча яго роду і пайшла назва нашай вёскі. А іншыя расказвалі, што калісьці тут пасяліліся людзі, якія пабылі ў далёкіх, добраўпарадкаваных «нямецкіх» землях. Ва ўсякім выпадку, сяляне жылі не надта багата, але па тых часах моцна.
Вёска наша размяшчалася хоць і недалёка ад вялікіх дарог, але ў баку, за рэчкай Расіцай, і першы фронт і першая ваенная зіма прайшлі без асаблівых падзей. Але ўзімку 1943 года стала трывожна. Вясковы стараста Казімір Мароз папярэдзіў вяскоўцаў пра тое, што ідзе латыскі карны атрад і вёска будзе спалена. Усе пагрузіліся на падводы і, пераехаўшы за чыгунку, дзе паселішчы былі пад кантролем і абаронай нямецкіх гарнізонаў, паспелі адысці ад смерці. Пераехаў у гарнізон Бігосава і стараста. Наша сям'я перабралася спачатку ў Вопытную, а затым у Юльянова. У немцаў засталася толькі бабуля Юля, якая, як усе лічылі, не ўяўляла ніякай пагрозы немцам. Яна перайшла жыць з нашага вялікага дома ў дом маці старасты, якая сышла да сына ў Бігосава. Застаўся ў вёсцы і дзед Адам. Калі ў Немцы прыйшлі фашысты, яны загадалі дзядулю паказаць дарогу ў зарэчную вялікую вёску Ворзава. Дзядуля павёў іх, а калі яны прыйшлі ў вёску, то яго разам з іншымі жыхарамі спалілі ў адрыне. Тата трывожыўся і паехаў за бабуляй, каб забраць яе да нас. Але даехаў ён толькі да Карценева. Там яго спыніў карны атрад. Бацька патлумачыў, што едзе за маці, што ў яго ў суседняй вёсцы сям'я. Тады да яго прыставілі канваіра, які прывёў яго назад да нас дадому і, калі ўбачыў, што бацька казаў праўду, пакінуў яго, а сам сышоў. Больш бацька за бабуляй не адважыўся паехаць. Яна загінула разам з вёскай, якую фашысты спалілі. Тады ж згарэлі Марозы, Каменцы, Сумкі, Кулакова, Клагішы, Ворзава і яшчэ шмат вёсак — разам з сотнямі і тысячамі мірных людзей, якіх «гуманныя» немцы палічылі ворагамі.
Пасля вызвалення мы вярнуліся ў Немцы і знайшлі на папялішчы дома толькі абгарэлыя бабуліны косткі ... На тым месцы насыпаны невысокі курган, на якім пастаўлены помнік. Імя нашай вёсачкі запісана і ў Хатыні. А жыццё сюды ўжо не вернецца.
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




