Трубач (Бернатовіч) Галіна Станіславаўна - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Трубач (Бернатовіч) Галіна Станіславаўна

1936 г. н.

22 чэрвеня 1941 быў трывожны дзень. Бацькі і ўсе жыхары вёскі Карценева з'язджалі ў лес у вялікі яр. Так для нас пачалася вайна. Ужо ў пачатку жніўня ў нашу вёску ўвайшлі немцы. Зрэшты, апісанне ўсяго, што мы пабачылі за два гады акупацыі, годна асобнага аповеду. Распавяду толькі, як наша сям'я трапіла ў канцлагер Саласпілс.

Раніцай 23 лютага 1943 г. Карценева акружылі карнікі. У наш дом уварваліся ўзброеныя людзі і выгналі ўсіх на вуліцу. Некалькі дзён ужо гарэлі суседнія вёскі, вельмі вялікае зарыва было ад пажараў Расіцы і іншых вёсак. Мама нас на ноч клала спаць апранутымі і ў валёнках, каб хутчэй змаглі выбегчы з дому. Гэта ішла карная экспедыцыя. Усю скаціну загадалі сагнаць на вясковую плошчу, а жыхароў пагрузілі на падводы і павезлі ў суседнюю вёску, загналі ў хлеў, абклалі саломай, падрыхтаваліся падпальваць, чакалі цемры. Але рана раніцай паступіла іншая каманда, і нас пагналі на станцыю Бігосава.

У лагеры нас загналі ў вельмі вялікія халодныя баракі з трох’яруснымі нарамі. А праз некалькі дзён мы павінны былі прайсці санітарную апрацоўку.

Памятаю, як ахоўнікі загадалі ўсім распрануцца дагала. Голых і босых нас пагналі па снезе ў далёкі барак, усіх абстрыглі нагала і пагналі праз ледзяны душ для «санітарнай апрацоўкі». Не паспелі мы хоць трохі абсохнуць, як нас, мокрых і голых, пагналі ў іншы барак, дзе цэментавая падлога была прыкрыта тонкім пластом саломы. Там разам утрымліваліся ўсе - мужчыны, жанчыны і дзеці. Было нясцерпна холадна і страшна. Толькі праз двое сутак нас вярнулі ў наш барак і загадалі апранацца. Там усё было перавернута, раскідана, усю нашу вопратку пратруцілі газам, даводзілася апранаць што было. Яшчэ праз некалькі дзён пачалі адбіраць дзяцей у бацькоў і сартаваць па калонах. Мяне змясцілі ў барак разам з братам адзінаццаці гадоў. Там знаходзіліся дзеці прыкладна ад аднаго года да дванаццаці гадоў. У нас сталі браць кроў, мы хутка слабелі, а малыя паміралі. Памятаю, мяне са стала здымаў брат і адносіў на нары. Потым прыйшоў загад нас раздаць па хутарах. Уз'ядналі з мамай і бабуляй і павезлі ў Мадліенскую воласць Рыжскага павета да гаспадара на хутар Шкебэні. Мама, брат, бабуля працавалі ў гаспадара, я займалася дзецьмі, якія былі маладзей за мяне.

Тату з Саласпілса адправілі ў Нямеччыну, у які лагер - не ведаю. Пражылі мы ў гаспадара каля года, потым прыйшоў загад, нас зноў пагрузілі ў вагоны і адправілі ў Германію. Пасялілі ў былую турму ў баўэра, дарослыя працавалі на сельгасработах на вялікай ферме.

У сакавіку 1945 г. нас вызвалілі войскі Савецкай арміі. Дадому мы вярнуліся ў траўні 1945 года. Я працавала да пенсіі на заводзе па перапрацоўцы пластмас у г. Олайнэ ў Латвіі.

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс