Шушкевіч Ганна Паўлаўна
1936 г. н.
Я нарадзілася ў вёсцы Каранікі. Памятаю, як усе дарослыя плакалі, пачуўшы вестку пра тое, што пачалася вайна. У памяці назаўсёды захаваецца пачуццё страху, у паветры няспыннае выццё матораў, віск падаючых бомбаў, усё навокал гарэла. Самалёты сцелюцца над лесам, людзей шукаюць. У лесе — адно папялішча. Узімку — снягі вялікія, маразы траскуны, пранізлівае выццё ваўкоў, іх страшныя вочы. Голад. Елі траву, кару з дрэў, капалі чарвякоў. Ад дрэннага харчавання і антысанітарыі ў людзей пачаліся хваробы, мучылі вошы, тыф. Шмат людзей загінула ад голаду і холаду, шмат было забітых. З болем у сэрцы ўспамінаю, як гарэлі яблыні, як нямецкія салдаты застрэлілі маленькага чорненькага сабачку.
Вельмі цяжка ўспамінаць, як пачалася карная экспедыцыя. Я бачыла, як карнікі на грузавой машыне прывезлі на расстрэл людзей. Яны выхоплівалі з аўтамашыны па адным чалавеку, падводзілі да елкі і расстрэльвалі. Глыбіня парослага хмызняком рова была прыкладна тры - чатыры метры. Перад расстрэлам людзі, асабліва жанчыны, моцна плакалі. Калі ўсе былі расстраляныя, паліцыянты невялікім слоем зямлі засыпалі трупы. З-пад тонкага пласта зямлі бачныя былі рукі, ногі забітых. Дзяцей забівалі, удараючы галавой аб кут машыны, або жывымі засыпалі зямлёй. Не магу без слёз успамінаць выпадак, калі фашыст адабраў у жанчыны дзіцяці і нёс да калодзежа. Маці ўчапілася ў фашыста, але ён адбіваўся прыкладам, адштурхнуў жанчыну, і яна ўпала. Потым змагла сяк-так устаць, кінулася да калодзежа, але ўпала, працятая куляй.
Пасля вайны сустрэла нас родная спаленая вёска. Усё разбурана, знішчана. Мне не было і дзесяці гадоў, калі мяне аддалі ў нянькі. У чатырнаццаць гадоў пайшла на палявыя работы, працавала, як мужыкі. З 1953 працавала свінаркай на ферме. У 1971 годзе была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. 55 гадоў адпрацавала без перапынку. У 1991-м пайшла на пенсію.
Выгадавала дзвюх дачок і з адной з іх жыву ў Сар’і.




