Шкляр (Слесаронак) Алена Пятроўна
1941 г. н.
Я нарадзілася ў лясной заазернай вёсачцы Поціна на Асвейшчыне. Калгас наш так і называўся - «Заазерны». У нашай сялянскай сям'і было пяцёра дзяцей. Бацька працаваў на ферме, а мама была хатняй гаспадыняй - хапала працы дома, бо мы ўсе былі малыя.
Хоць мы жылі ў глушы, але вестка пра вайну хутка даляцела да нас. Бацьку накіравалі адказным за адпраўку жывёлы ў савецкі тыл. Немцы наступалі імкліва і ўжо за Дзёрнавічамі, у Залессі, здагналі статак са скотагонамі. У бацькі былі пры сабе дакументы, і над ім здзекаваліся, мучылі, а потым расстралялі.
Увесь пасляваенны час мы, дзеці, не атрымлівалі ніякай дапамогі за страту кармільца. Адказ быў канкрэтны: «Загінуў не на фронце». Павестка на фронт тату прыйшла, калі яго ўжо не было ў жывых.
У лютым 1943 года ў нашу вёску наляцелі фашысты. Поціна было ў партызанскай зоне, значыць усе жыхары былі «памагатымі бандытаў». Бо тут дзейнічала, амаль з самага пачатку вайны, Прошкаўскае інтэрнацыянальнае антыфашысцкае падполле. Карнікі спалілі вёску дашчэнту, жыхары ратаваліся, як маглі, уцякаючы ў лес. Жорсткі ўрок быў дадзены раней, калі ў Прошках фашысты расправіліся з сям'ёй кіраўніка падполля Рыгора Лукашонка. Наша мама толькі і паспела схапіць ватную коўдру і санкі.
Карнікі палявалі за намі па лясах. Мне тады было два гады, таму я распавядаю ўсё гэта з мамчыных слоў. Дзеці ў страху крычалі і плакалі. Вяскоўцы пачалі патрабаваць, каб жанчыны, у якіх былі малалетнія дзеці, кінулі іх у лесе — інакш з-за іх маглі загінуць усе астатнія. Нязгодных адганялі прэч. Нашу сям'ю адагналі таксама. Нязгоднымі апынуліся ўсе шматдзетныя, за выключэннем адной жанчыны, якая, пакарміўшы грудзьмі і захінуўшы шасцімесячнае дзіцятка, пакінула яго ў лесе. Пасля яна вярнулася, але свайго дзіцяці не знайшла. З гора гэтая жанчына звар'яцела. Мая мама адразу сказала: «Загінем разам з дзецьмі, але іх не кіну».
Мы ўжо былі адны, калі карнікі прачэсвалі лес. Мы ледзь паспелі стаіцца пад лапамі заснежанай елкі, і фашысты прабеглі міма. Але наперадзе было яшчэ шмат выпрабаванняў. Мы былі абмарожаныя, галодныя і, здавалася, асуджаныя на непазбежную смерць. Зіма была лютай, снягі глыбокія. І ўсё ж знясільваючыя блуканні па лясах прывялі нас да партызанаў. За імі мы, як і сотні іншых, з асвяіцкіх лясоў перабраліся ў Малавідаўскія. Там таксама ладзіліся аблавы, з неба падалі бомбы, паўсюль за людзьмі палявала смерць, збіраючы свой багаты крывавы ўраджай.
Нам наканавана было выжыць. Дома нас чакалі папялішчы. Зямлянкі ў першую чаргу капалі для шматдзетных сем'яў. Голад быў страшны. Самых малых і аслабленых дзяцей вывезлі на самалёце ў Невель, Таропец, Асташкаў. З нашай сям'і такіх было трое, у тым ліку і я. У дзіцячых дамах мэтай ставілася не даць нам памерці, прайсці «курс аздараўлення». На ўсё жыццё я захавала смак тварагу з цукрам, які нам давалі ў дзіцячым доме. Потым за намі прыехалі мамы. З Себежа да роднай вёскі мы ішлі ў спякоту пыльнай калонай каля 50 кіламетраў.
У 1947 годзе мы пераехалі за 8 кіламетраў у Прошкі да дзядулі і бабулі, якія вярнуліся з канцлагера ў Латвіі. Усё яшчэ было голадна. Мы хадзілі ў Латвію: старэйшыя шукалі любую працу, малыя жабравалі. Не заўсёды нашы паходы былі ўдалымі - такіх, як мы, было нямала. У наступным годзе я пайшла ў першы клас. Настаўніцай у нас была былая падпольшчыца Яўгенія Усцінаўна Громава (Фралёнак). Усталявалася хоць і цяжкое, але мірнае жыццё.




