Шаўрак (Лапошка) Валянціна Іосіфаўна
Я нарадзілася ў 1937 годзе ў Ленінградзе. У 1941-м мама вырашыла наведаць сваіх бацькоў прозвішчам Кадыш, якія жылі ў Сенькаве (дзяды па бацьку жылі ў Муквяціцы). Бацька мой застаўся ў горадзе, дзе працаваў на заводзе. Ён загінуў у 1942-м.
У 1943-м пачалося паляванне карнікаў на людзей. Усе вёскі на Асвейшчыне гінулі ў агні, гінулі і людзі. Мацяркі з дзецьмі кінуліся хавацца ў кусты, у балота. У нашай сям’і было сем чалавек: матуля з бацькамі і чацвёра нас, малых. З дому прыхапілі, што паспелі. Памятаю, што неслі бохан хлеба.
Нас шукалі з ракетамі і аўчаркамі, стралялі па балоце наўздагад з кулямётаў. А мы сядзелі на купінах і нават спалі пад гукі стрэлаў і брэх сабак. Усе спадзяваліся, што тое хутка скончыцца, усе ж былі дрэнна апранутыя і галодныя. Але гэта быў толькі пачатак…
Калі замерзла Асвейскае возера, мы перабраліся ў лясы, пад Малавіды і Дабраплёсы. Даймаў голад, і бацькі па начах хадзілі ў спаленыя вёскі на пошук бульбы ці збожжа. Звярэў тыф, адзін за адным паміралі людзі.
Калі прыйшлі звесткі, што вайна ў нашых мясцінах скончылася, мы пасунуліся дадому. Ніколі не забуду, як савецкія салдаты сустракалі нас, абадраных, брудных, худых ды змарнелых. Яны падхоплівалі нас на рукі, абдымалі ды тулілі да сябе. Мне далі ў рукі кавалачак хлебачка. Я, пэўна, з радасці праглынула яго цалкам. А нейкая крошка звалілася на зямлю, і я доўга шукала яе – мяне не маглі адарваць ад зямлі…
Усё астатняе жыццё я пражыла і жыву ў сваёй роднай вёсцы, якая паўстала з попелу.




