Саскавец Вольга Сцяпанаўна
д. Кулаково
У нашай сям'і Ламінскіх было пяцёра дзяцей, усе — дзяўчынкі. У 1943 году мне ішоў чацвёрты год, маладзейшыя за мяне былі двухгадовая Аліна і Зіначка, якой было толькі 9 месяцаў. Вёска Кулакова была заможнай, у нас была карова Манька і іншая жыўнасць. Бацька, Сцяпан Аляксеевіч, дапамагаў партызанам, папраўляў ім вазы.
Спачатку немцы не лютавалі, толькі палявалі на курэй ды свіней. Аднойчы пры такім паляванні на нашым двары немец расцягнуўся, і мы з сястрычкай зарагаталі; мама схапіла нас і ў доме дала лупцоўку. Адзін з немцаў ўсё частаваў мяне цукеркай і прыгаворваў: «Гітлер капут!». Толькі з дазволу мамы я ўзяла пачастунак.
Але аднойчы лютаўскай раніцай нас выгналі з хаты. Мы ледзь паспелі сяк-так апрануцца і апынуліся на марозе, усе імкнуліся прыціснуцца адзін да аднаго. Аказалася, што павыганялі не толькі нас, але і ўсіх вяскоўцаў. У натоўпе быў і тата. Хоць яму раілі сысці ў лес, але ён казаў, што яшчэ паспее. Але не паспеў.
Усіх нашых і многіх жыхароў іншых вёсак фашысты загналі ў памяшканне канторы. Там людзей пачалі сартаваць. Усіх мужчын і жанчын без дзяцей пагналі ў школу. Мы бачылі ў вокны, як школу падпалілі. У нашым памяшканні ўзляцелі крыкі і плач. Пачуўся стук сякер, і адразу ж пачуўся трэск агню і пацягнула дымам. Людзі ірвануліся да дзвярэй. Мы стаялі ля самых дзвярэй, якія пад напорам адчыніліся, і мы, а таксама сям'я Лаўрыновіч і яшчэ сёй-той паспелі выскачыць. Карнікі гуртам наваліліся на дзверы і пачалі забіваць іх мацней дошкамі. Крыкі і стогны, якія несліся з падпаленых дамоў, стаяць у мяне ў вушах па гэты дзень.
Нас пагрузілі на падводы і павезлі ў Расіцкі касцёл. І там Гасподзь пашкадаваў нас: мы трапілі не ў агонь, а ў канцлагер. Там нас разлучылі з маці, там у нас бралі кроў, пасля чаго Аліна памерла. Потым лёс раскідаў нас па прытулках, дзіцячых дамах ды гаспадарах. Калі пасля вайны мама мяне адшукала, я яе не пазнала і не хацела ісці да гэтай «цёткі»; не разумела я і яе мовы, бо гаварыла ўжо толькі па-латыску ...
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




