Самылкіна Вера Паўлаўна
Мне цяпер ужо 81 год. Калі пачалася вайна, мне было дзевяць гадоў, і я, як і яшчэ тры мае сястры, была ўжо сіратой - бацькі памерлі яшчэ да вайны. Жылі мы ў аддаленай ад райцэнтра Асвея вёсцы Чурглі. Жыць было цяжка, а пасля смерці бацькоў і зусім немагчыма, але мы спрабавалі неяк зачапіцца за жыццё, выстаяць на слабых яшчэ нагах.
А тут наляцела вайна. Спачатку акупанты нікога не чапалі. Памятаю, як аднойчы мы з малодшай сястрой адправіліся ў райцэнтр на хлебапякарню, дзе працавалі немцы. Убачыўшы нас, яны, як ні дзіўна, не толькі не прагналі нас, але і прапанавалі дзве цаглінкі хлеба. Спачатку я баялася іх браць, але малодшая сястра глядзела на мяне такімі вялікімі галоднымі вачыма, што я рашылася і, пераадолеўшы страх, схапіла гэты дарагі падарунак і пабегла дадому. Дома мы яго доўга гладзілі, нюхалі і любаваліся ім, перш чым адрэзаць па маленькай лустачцы на ўсіх.
Але зімой 1943-га пачалося страшнае. Карнікі пайшлі на партызанскую зону, усё спапяляючы на сваім шляху. Яны ішлі з боку Латвіі, і нашы вяскоўцы ўжо ведалі, што гэта ідзе смерць. Усе пачалі сыходзіць у лясы. Тыя, хто адмовіўся гэта зрабіць, былі спалены жыўцом. Нас, сірот, няма каму было абараніць, і мы беглі з усімі, разумеючы, што дым пажарышчаў, які засцілаў гарызонт з захаду, вось-вось дагоніць нас. Пераводзячы на хвілінку дыханне, мы глядзелі з узлесся, як гарыць бацькоўскі дом... У лісце не апісаць усіх пакут, якія выпалі на нашу долю. Яны ў тысяч нашых землякоў былі аднолькавыя. Усе ўцякалі ў заснежаныя лясы і балоты, мерзлі, галадалі, хварэлі. Вельмі многіх здаганяла смерць. Фашысты не шкадавалі нікога: ні жанчын, ні дзяцей, ні старых. Бязвінных пакутнікаў расстрэльвалі і вешалі, тапілі і спальвалі, рвалі сабакамі і бамбавалі з самалётаў. Апісаць усё перажытае я проста не ў сілах. Жыццё ператварылася тады ў кашмарны сон. Шмат разоў мы прасілі Госпада, каб ён паслаў нам хутчэй смерць, але малады, хоць і знясілены арганізм упарта імкнуўся выжыць. І нам наканавана было жыць.
Я стаю на фінішы адведзеных мне лёсам гадоў. У жыцці было ўсякае — добрае і дрэннае, але такога жудаснага выпрабавання, якое нам прынесла вайна, не было больш. І хай не будзе ніколі!
Я і мае сабраты па лёсе прынялі руку дапамогі, працягнутую нам нямецкімі грамадзянамі, з разуменнем нашага агульнага памкнення да простага мірнага жыцця. Для нас Гасподзь стварыў самы цудоўны куток у Сусвеце — нашу Зямлю, і мы абавязаны выканаць яго волю, зрабіць яе прытулкам свету і любові.




