Рыжыкава Галіна Дзмітрыеўна
д. Гвоздово
У пачатку вайны мне было сем гадоў. Памятаю, як упершыню мы пачулі страляніну з боку Полацкай шашы, крыкі «Немцы!». Мама хутка сабрала нас, сваіх чацвярых дзяцей (я была старэйшая за ўсіх), і мы пабеглі ў лес.
Бацька, Быкоўскі Дзмітрый Васільевіч, неўзабаве сышоў у партызаны, быў разведчыкам. У нас была партызанская зона, блізкую да нас вёску Рудня нават называлі «партызанскай сталіцай». Калі завязваліся баі фашыстаў з партызанамі, нас папярэджвалі, і мы адпраўляліся туляцца па тутэйшых вялікіх лясах. Аб'ядноўваліся сем'ямі, будавалі зямлянкі, неяк перабіваліся.
Страшна і цяжка было зімой. У пачатку трэцяй ваеннай зімы чарговая карная экспедыцыя дабралася і да нас. Жорсткай была расправа з жыхарамі вёскі Рудня. Напярэдадні партызаны абстралялі нямецкі абоз, забілі двух фашыстаў. За гэта паплацілася ўсё мірнае насельніцтва, якое было ў вёсцы. Людзей прымусілі капаць яму і ўсіх расстралялі. Нашу вёску таксама спалілі. Бацька назіраў з узлеску, як гарэў наш дом; ён быў самым вялікім у вёсцы.
Мы былі ў сваім лясным лагеры. З намі была настаўніца з дзецьмі, іх у яе было шасцёра. Хтосьці выдаў наш лагер. Мама, пачуўшы стрэлы, хуценька сабрала нас, паклікала сваіх сясцёр, і мы пабеглі. Мама прывяла ўсіх у балота, накрыла прасцінай, у якой насіла за спіной маленькую Нэлю, і мы ператварыліся ў снежны сумёт. Так мы сядзелі доўга, нас яшчэ зверху паспеў снег засыпаць. Калі мы вярнуліся на сваё месца, то натыкнуліся на расстраляных людзей. Яны ляжалі з закінутымі за галаву рукамі. Сярод іх была і настаўніца з усімі сваімі дзецьмі. У аднаго мужчыны былі адрэзаныя вушы, выкалаты вочы. Сярод забітых была і мая цётка Навіцкая Нюра Адольфаўна. Усяго было забіта 22 чалавекі.
Тату партызаны сказалі, што наша сям'я знікла. Ён шукаў і знайшоў нас, забраў з сабой. У партызан зямлянкі былі лепшыя, мы спалі на нарах. Праз некаторы час вярнуліся ў вёску. На яе месцы было папялішча. Стаялі толькі абвугленыя печы. Мы зноў вярнуліся ў свае першыя зямлянкі-акопы. Мама адшуквала ямы са збожжам і парыла яго ў гэтых печах. А партызаны прыносілі муку, і мама пякла для іх хлеб.
І зноў нехта навёў на нас немцаў. Яны ўзарвалі нашы зямлянкі, але нас не стралялі, а пагналі ў Аўласкава, у свой гарнізон. Маму вадзілі на допыт. Яна казала, што пра бацьку нічога не ведае, а хлеб партызаны забіралі ў яе сілай. На ноч нас замыкалі ў стайні. Усе чакалі смерці, але стайню з людзьмі так і не падпалілі. Немцы, напэўна, ужо рыхтаваліся да адступлення. Палонных пагналі ў Дрысу, але некаторыя, карыстаючыся ўдалымі момантамі і агульнай мітуснёй, сыходзілі з натоўпу. Нас адвёў дзядзька ў вёсачку пад Зябкі. Там людзей расстрэльвалі і палілі не раз, але мы адсядзеліся ў бульбяной яме. Вылезлі з яе сустрэць нашых салдат, калі прайшоў фронт. Вярнуліся ў Гваздова толькі дзве сям'і ды адна бабулька. Астатнія - каго расстралялі ў лясах, каго ўтапілі ў Свольне. Вёска перастала жыць.
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




