Паўлюкевіч Вера Сяргееўна
д. Межелы
Родная вёска маёй бабулі знаходзілася за некалькі кіламетраў ад Расіцы. У сям'і было пяцёра дзяцей: тры дачкі (Вера - мая бабуля, Ніна, Маня) і два сыны (Барыс і Мікалай). Калі ў вёску прыйшлі фашысты, бабуля была зусім дзіцём, ёй было трохі больш за чатыры гады, але аб тых страшных днях яна не можа забыцца дагэтуль.
Вось што яна ўспамінае: «Гэта было зімой 43-га года. У маю родную вёску прыйшлі нямецкія салдаты. Я сядзела ў доме на печы, і раптам бачу, у акне стала белым бела - гэта ішлі карнікі, яны былі апранутыя ў маскхалаты. Сталі чутныя крыкі, плач людзей. Немцы заходзілі ў кожны дом, усіх выганялі на вуліцу. Сагналі ўсіх у адзін шэраг і пачалі сартаваць людзей на дзве групы. Адну групу адправілі ў наш дом і падпалілі. Людзі вытыркаліся з палаючага дома, а немцы іх забівалі. Потым падпалілі ўсе астатнія хаты. Вёска зашугала агнём.
Другую групу людзей пагналі ў Расіцу, у гэтай групе была і я з мамай, сёстрамі і братамі. Прыгналі нас да касцёлу, там аб'ядналі з іншымі няшчаснымі. Потым людзей сталі сартаваць. Адных пакінулі ў Расіцы, а іншых пагналі ў Бігосава на чыгуначны вакзал. Нам з мамай пашанцавала - мы апынуліся ў іншай групе. Тых, хто застаўся ў Расіцы, спалілі жыўцом.
У Бігосаве ўсіх заштурхалі ў таварныя вагоны. Людзей было бітком, не прадыхнуць, не варухнуцца. Так нас прывезлі ў канцлагер Саласпілс, які знаходзіўся ў Латвіі. Там размясцілі ўсіх у баракі. Спалі на нарах. Было холадна, брудна. З дзецьмі жорстка звярталіся: бралі кроў для нямецкіх салдат, праводзілі розныя доследы. Братоў маіх забралі з лагера гаспадары-латышы для працы ў гаспадарцы.
Недзе праз тры месяцы нас, дзяцей, сілком адабралі ад маці. Мяне і маю сястру Ніну адвезлі ў дзіцячы дом у Ігатэ, а маму і сястру Маню сагналі ў Нямеччыну ў рабства.
У дзіцячым доме мы галадалі, хадзілі ў кайданах, у валасах заводзіліся вошы, усе галовы былі ў больках. Нас вадзілі на сельскагаспадарчыя работы. Па дарозе мы забягалі ў склеп паесці лушпіння (вельмі хацелася есці).
Мая мама ў Нямеччыне прайшла праз самыя страшныя лагеры смерці - Равенсбрук і Бухенвальд. На руцэ ў яе быў выпалены нумар, які нагадваў ёй пра перажытыя жахі на працягу ўсяго астатняга жыцця. Яна распавядала, як ганялі іх на палявыя работы. Па дарозе на поле нельга было спыняцца. Немкі-гаспадары вельмі моцна іх білі, здзекаваліся. Праца была жудасна цяжкой, і не кожны мог вытрымаць. Адна сястра мамы памерла ад знясілення напярэдадні заканчэння вайны.
Ужо пасля вайны мама прыехала за мной і сястрой забраць нас з дзіцячага дома. Усе разам мы сталі дабірацца дадому...»
Такую гісторыю распавяла мне бабуля пра тыя страшныя падзеі. І я зразумеў, што ўсё тое, што ёсць у нас цяпер, - гэта велізарнае шчасце. Бо так выдатна бачыць кожную раніцу родных людзей і мірнае неба!
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




