Міцкевіч Эдуард Данатавіч
д. Аниськово
Наша вёска была невялікая, усяго 12 дамоў. Мой бацька, Данат Іванавіч, працаваў у калгасе загадчыкам аўчарні, але быў асуджаны як вораг народа і расстраляны ў 1938 годзе. Мяне ён яшчэ паспеў патрымаць на руках двухмесячным дзіцем. Маці, Алена Іванаўна, выхоўвала нас, сваіх трох сыноў і дачку. Старэйшаму ў 1941-м ішоў 13-ы год. Сярэдні сын, Стасік, памёр яшчэ да вайны.
Калі пачалася вайна, мне было ўсяго тры гады, а таму ўспаміны пра гэты час у мяне адрывістыя, як страшныя ўспышкі. Нават першы ўспамін адбіўся ў памяці, таму што быў непадобным на шэраг звыклых вясковых будняў. Гэта быў яшчэ толькі першы год вайны, але ўся вёска ўжо трывожылася: капалі нейкія ямы, хавалі ў іх не толькі бульбу, але і адзенне, іншыя рэчы. А потым раптам запрагалі коней і, пагрузіўшы на вазы дзяцей, як зграя птушак, якія ляцяць ад буры, падаваліся ў лес. Так было не аднойчы.
Зіма ж 1943-га запомнілася крывавым зарывам з усіх бакоў, дымам і грукатам. Гарэлі вёскі па абодва бакі ракі, гарэла і наша Аніськава. Па ўспамінах маці, у нашай вёсцы згарэў у сваім доме, схаваўшыся ад немцаў, толькі 70-гадовы стары Юрась Астапковіч. Як я зараз ужо ведаю, па Сар’янцы з пачатку карнай экспедыцыі «Зімовае чараўніцтва» партызаны спачатку трымалі абарону. Пасля вайны вёска Фальваркова, якая стаяла на высокім заходнім беразе насупраць Аніськава, нават была перайменавана ў Партызанскую. Праўда, імя гэта не прыжылося. У партызан была і свая гармата. Прыкрыццём для іх служыла Пушча, якая сцяной падступала да нашай вёскі. Вельмі хутка нямецкая разведка ацаніла магчымасці партызанскай артылерыі, і фашысты пайшлі ў наступ. Але ўсё ж і тыя некалькі дзён дазволілі папярэджаным людзям сысці з агню на ўсход.Потым асобнымі кадрамі ў памяці ўсплываюць адна за адной карціны заснежаных лясоў, галодных і халодных прыстанкаў ля Святога возера, у Стралкоўскім балоце, пад Роўным Полем – і ўсюды крыкі, стральба, кроў, трупы – смерць. Часам яна была зусім блізка. З кустоўя, дзе сядзела ў снезе наша маці са сваім вывадкам, мы, дрыжучы, бачылі, як немцы палілі ў хляве жыхароў вёскі Папелушова.
Мы вярнуліся на свае папялішчы, туліліся ў зямлянках, а ў 1949 годзе перабраліся на правы бераг, дзе ўздоўж вуліцы вырасталі новыя дамы Фальваркова. На месцы нашай вёскі стаіць помнік у выглядзе абгарэлай печы. А на могілках у Хатыні – такі ж, як у іншых «вогненных» вёсак.
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




