Марцінкевіч Валянціна Баляславаўна
1935 г. н.
У лютым 1943 года большую частку жыхароў вёсак Ворзава і Клагішы сагналі ў хлеў і спалілі жывымі. Астатніх сагналі ў суседнюю вёску Кулакова, дзе рабілі допыты пра партызанаў. Школу і хлеў у Кулакове падпалілі з зачыненымі ў іх людзьмі. Хто спрабаваў бегчы з пекла полымя, таго даганялі аўтаматныя чэргі.
Жанчыны і дзеці, што засталіся на павозках, галасілі, трацілі прытомнасць. Усё гэта ўрэзалася ў маю дзіцячую памяць і сэрца. Нас павезлі ў лагер Саласпілс, дзе пачаліся новыя зверскія здзекі. Нас загналі ў вялікі барак, дзе на цэментавай падлозе, акрамя саломы, нічога не было. Далі ўказанне распрануцца дагала і пагналі ў лазню. У лазні абстрыглі нагала, знялі завушніцы і пярсцёнкі. Далі паласатыя халаты і чаравікі. На сняданак давалі шклянку гарбаты і 200 грамаў хлеба з пілавіннем, на абед - 200 грамаў баланды з адходаў перамёрзлай капусты ці буракоў. Вязні пераносілі пясок з аднаго канца лагера ў іншы, потым назад. Збівалі людзей бізуном, палкамі, нагамі, нацкоўвалі аўчарак, аблівалі ледзяной вадой. І на гэтыя жорсткія бясчынствы павінны былі глядзець усе. Праз некалькі месяцаў пачалі забіраць малалетніх дзяцей і везці невядома куды. Неўзабаве пачалі забіраць і дарослых.
Аслабелыя і схуднелыя ад голаду дзеці былі падобныя на шкілеты, мы ледзь рухаліся. Улетку 1943 года нас пагрузілі на машыны і павезлі па хутарах, да латышоў гаспадароў. Я трапіла да гаспадара па імені Фрыдберг Мікель. Там я пасвіла жывёлу і працавала да заканчэння вайны.
Пасля вайны да 1974 была на розных працах. Потым я з’ехала з сям’ёй у Душанбэ, дзе да пенсіі працавала на галоўпаштамце.




