Макеенак (Дашкевіч) Марыя Фёдараўна - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Макеенак (Дашкевіч) Марыя Фёдараўна

1927 г.н.

У сям'і было пяцёра дзяцей. Бацька — інвалід Першай сусветнай вайны — у 1942 сышоў у партызаны. У адну з карных экспедыцый вёску Лісна спалілі. Лес тут падступае да дамоў і гародаў, таму пад покрывам дыму маці з дзецьмі ўдалося схавацца ў лесе. Але ў агні згарэла ўсё.

Каб не памерці з голаду, маці павяла дзяцей у лясную вёску Латыгава. Вёска аказалася таксама спаленай. Было спалена і забіта 14 сем’яў, у тым ліку родныя Дашкевічаў. Пагарэльцы пайшлі далей у глыб лесу, у вёску Ардаўскія. Яна была таксама спаленай, але ацалелыя жыхары вярнуліся і туліліся ў зямлянках. Далей распавядае сама Марыя:

— Мы хаваліся проста ў лесе, у самых глухіх нетрах. Я і дзве мае сястрычкі захварэлі на тыф. У лес прыйшла сястра маці і сказала, каб мы ішлі ў вёску, інакш памром ад голаду, холаду і тыфу. У Ардаўскіх мы паспелі толькі пераначаваць, а раніцай вёску акружылі карнікі. Прыйшлі і ў нашу зямлянку, крыкнулі «Хальт!», але, убачыўшы, што мы ўсе хворыя, заштурхалі назад.

Потым увайшоў фашыст, які прыгнаў яшчэ людзей; ён стаў на выхадзе, выняў пісталет і пачаў страляць. Адразу забіў нашу цётку Еўдакію, а цётку Марыю параніў: куля прайшла навылёт скрозь лёгкія. Яе дзяўчынку, якую яна трымала на руках, забіў у галоўку. Іншую, Валю, параніў. Маю сястру параніў у нагу; мужчыну забіў. Падняўся крык, стогны. Расстраляўшы патроны, фашыст падняў палу шыняля і пачаў зноў набіваць абойму. Раптам з'явіўся яшчэ адзін, ён схапіў гэтага за шынель і пацягнуў з зямлянкі. Дзве жанчыны і мая маці падаліся за імі. Яны пачулі, як адзін па-руску сказаў, што будуць кідаць гранаты.

Я ляжала на нарах, калі прыбегла мама і сказала: «Дзеткі, хавайцеся, будуць кідаць гранаты». Сама яна прысела ля печы. Я закацілася пад нары, і раптам выбух — праз акенца кінулі гранату на нары, а там было шмат падушак. Бацьку — ён ужо быў з намі — пасеклі шчаку і руку. Другую гранату закінулі ў трубу. Печка і труба абрынуліся, многіх пасекла асколкамі.

Так і ляжалі. Першай прыйшла ў сябе жанчына па прозвішчы Марачкоўская. Мяне аглушыла. Я паспрабавала адштурхнуць нагой забітую жанчыну, але нічога не атрымалася. Марачкоўская прыўзнялася і выглянула ў дзірку ад трубы. Яна сказала: «Немцы пайшлі ў Лісна, хаваюцца ў лесе. Вылазьце, хто жывы».

Яна выцягнула з-пад цэглы маю маці, тая пачала шукаць дзяцей. Надзя, Шурык і Лёня былі жывыя. Выцягнула і мяне з-пад нараў. Яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і параненыя, падаліся ў лес. Бацька паранены, сястра сыходзіць крывёй, п’ем у кожнай лужыне. Маці вярнулася ў зямлянку, знайшла ручнік, перавязала сястру, бацьку. Завяла нас у лес, зноў вярнулася ў зямлянку, адцягнула забітую сястру, другую параненую — пераклала ў іншую зямлянку. Пасля партызаны адправілі яе разам з параненай дзяўчынкай на самалёце за лінію фронту. У самалёце дзяўчынка памерла, а жанчыну потым вылечылі.

На наступны дзень зноў з'явіліся карнікі, аблілі бензінам гэтую зямлянку і спалілі разам з забітымі і параненымі, якіх людзі не паспелі забраць. А мы жылі ў лесе, зноў рабілі зямлянку. Маці хадзіла ў спаленую вёску, адшуквала закапанае збожжа; мы яго пражылі на агні і елі патрошку як дарагую страву. А астатняе было, як ва ўсіх: чарнагалоўкі, мох, кара, сухое насенне траў. Калі з'явілася крапіва, мы павесялелі. Так і жылі да таго часу, пакуль не прыйшлі нашы.

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс