Лук’янава (Валодзька) Марфа Іванаўна - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Лук’янава (Валодзька) Марфа Іванаўна

1933 г.н.

У нашай сям'і было пяцёра дзяцей. Мне было восем гадоў, калі пачалася вайна, я толькі скончыла першы клас школы.

Узімку 1943 пачалася карная экспедыцыя. Спачатку людзі не верылі, што нас могуць спаліць, але калі на захадзе зашугала зарыва падпаленых вёсак, мы рушылі ў расонскія лясы. З сабой узялі толькі самае неабходнае, усё дабро і скаціну пакінулі дома, думалі, што хутка вернемся.

Але выйшла па-іншаму, мы сталі ляснымі жыхарамі. Каля месяца спалі на лапніку пад полагам лесу, было вельмі халодна. Потым дарослыя знайшлі зямлянку, пакінутую ці то салдатамі, ці то партызанамі, і мы перабраліся туды. Але ненадоўга. Нас, як і некалькі іншых сем'яў, высачылі карнікі. Пашыхтавалі ўсіх у калону, навялі ствалы кулямётаў. Я яшчэ не ведала, што такое кулямёт, але ўсе крычалі: "Божачка, ратуй!"

Нас выгналі на дарогу і павялі пад канвоем у Лісна. Там загналі ў велізарны калгасны хлеў. З хлява адвялі дзяўчат, у тым ліку і маю старэйшую сястру. Больш мы яе не бачылі. У хляве мы знаходзіліся тры дні. Нам здавалася, што ў ім нас і спаляць. Трымалі галоднымі, толькі аднойчы немец прынёс у пілотцы сухога і вельмі цвёрдага белага гароху. Але есці ад страху не хацелася, і я яго не брала.

Толькі нас не спалілі, а пагналі па дарозе пешшу. Быў сакавік, яшчэ ляжаў снег. Я была абутая ў гумовыя галёшы на босую нагу. Галёшы былі велізарныя, і ісці было цяжка. Праз некаторы час нас чамусьці павярнулі назад. Мы прыйшлі ў той жа хлеў, і тут да майго дзіцячага розуму дайшло, што нас будуць паліць. Але зноў Бог злітаваўся. Раніцай нам прынеслі нейкай кашы і загадалі збірацца ў дарогу. У хляве пакінулі толькі старых. Цяпер я ведаю, што там іх знішчылі.

Нас пагналі ляснымі дарогамі на поўдзень; дарослыя казалі — на чыгунку. Мы ішлі цэлы дзень. Мама несла маю малодшую сястрычку, якой было два з паловай гады. Многія таксама неслі на руках сваіх дзяцей — параненых і малых. Зрэдку нам дазвалялі адпачыць, пасля чаго было вельмі цяжка ізноў падняцца. Страшэнна балелі ногі. Ноччу да нашай калоны далучылі іншых людзей, размясцілі на начлег у ацалелых хатах нейкай вёскі. У цеснаце легчы было немагчыма, і мы правялі ноч седзячы. Раніцай нас зноў пагналі, як статак. Праз дзень мы ўжо былі ў Дрысе. Там мы прасядзелі яшчэ адну ноч у хляве льнозавода, а затым нас пагналі на станцыю і загрузілі ў цялячыя вагоны. Есці нічога не давалі, нас мучыў голад.

У Полацку ўсіх змясцілі ў лагер ваеннапалонных. Там нас падзялілі: жанчын і дзяўчынак — у адзін корпус, мужчын і хлопчыкаў — да ваеннапалонных. У лагеры мы знаходзіліся да лета. Мужчын ганялі на працу. Зноў мучыў голад, бо на дзень давалі маленькі кавалачак хлеба і адзін раз нейкую поліўку.

Улетку нас перавезлі на станцыю Палата, у былы саўгас. Сем'і зноў уз'ядналіся. Дарослыя хадзілі на працу, а мы, дзеці, хадзілі па ацалелых хатах і прасілі міласціну. Нас рассялілі па пустых хатах — па некалькі сем'яў у кожную. Спалі на падлозе не распранаючыся. Малым папрашайкам нічога не давалі, у саміх сялян было пуста.

Калі фашыстам трэба было перасоўвацца па дарогах, то яны бралі некалькі чалавек з нашых і гналі іх наперадзе, бо дарогі былі замініраваныя партызанамі. Да сваіх сем'яў многія з нашых не вярнуліся.

Нарэшце сталі выразна чутныя гукі блізкага фронту. Нас перасталі кантраляваць, і мы сталі хадзіць у лес, карміліся яго дарункамі — грыбамі ды ягадамі. Пасля вызвалення вярнуліся на роднае папялішча, дзе наканавана было пачынаць усё з нуля.

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс