Лонь Вера Пятроўна
Перад вайной я скончыла 7 класаў Боркавіцкай сярэдняй школы i жыла ў вёсцы Гараўцы Дзёрнавіцкага сельсавета. Памятаю, як гарэла Дзісна – зарыва ахінула ўсё неба ў тым баку. Потым наляцелі самалёты з чорнымі крыжамі на крылах i пачалі кідаць бомбы ля маста цераз Дрысу ля Грыгораўцаў. Усе думалі, што фашысты хочуць мост знішчыць, а аказалася – імкнуліся захаваць пераправу для cваix войскаў. Вялізныя варонкі ад бомбаў засталіся да гэтага часу. Між іншым, мост нашы салдаты пры адступленні ўсё ж спалілі.
Памятаю, як чырвонаармейцы пераплывалі раку – многія параненыя, у адной бялізне. Страшна было гэта бачыць...
Фронт перачакалі ў лесе. А калі выйшлі – сустрэліся з немцамі. Вясёлыя, яны мыліся i галіліся ля калодзежа, ігралі на губных гармоніках. Па дарозе да дому ўбачылі жудасную карціну: паўсюдна ляжалі забітыя савецкія салдаты – рускія, украінцы, узбекі (пры ix былі дакументы). Дзядуля i іншыя мужчыны пахавалі ix.
Наш дом згарэў, пасяліліся ў дзядулі, які жыў з глуханямой дачкой Насцяй. Тут жа знайшлі прытулак цётка Валя, а з ёй чацвёра дзяцей, дзядзька Антоній i шасцёра яго дзяцей. Так i пражылі лета i зіму 1941 – 42 гадоў.
Вясной выкапалі зямлянку ў ірве, пачалі будаваць дом з калгаснай пyнi. Немцы прызначылі старастам Парфёна Запольскага. Ён не быў здраднікам, проста выратоўваў уласнае жыццё i сваёй сям'і. Сын яго, шаснаццацігадовы Коля, пайшоў да партызан, а тыя хлопца paccтралялі. Потым партызаны адправілі жонку Парфёна за мужам у Боркавічы. Фашысты забілі ix абодвух. Восенню 1942 года партызаны, непадалёк ад нашай вёскі, зрабілі засаду i забілі двух немцаў, аднаго захапілі ў палон. Акупанты жорстка адплацілі. Ніколі не забуду той ракавы дзень 7 лістапада. Стаяў моцны мароз, зямля была цвёрдай, як камень. Домік наш яшчэ дабудоўваўся. Раніцай прыйшлі партызанскія разведчыкі i паведамілі, што сюды накіроўваюцца карнікі. Мы з братам Лёшам, якому на той час споўнілася 13 гадоў, пагналі карову за Дзёрнавічы. А мама з двума меншымі дзецьмі засталася. Хутка мы ўбачылі зарыва – гарэў увесь наш калгас "Перамога". Вёскі Лугаўцы, Гараўцы, Клімаўшчыну, Яначкава фашысты спалілі дашчэнту. У тым ліку i наш недабудаваны дом. Згарэў i хлеб у неабмалочаных снапах. Фашысты пагрузілі на павозкі ўсё, што iм спадабалася, парэзалі свіней i курэй. Забралі чатырох старых: Івана Пашуту, Васіля Костыка, Цімафея Ліпаўку i Данілу Касача. У Боркавічах ix расстралялі. А Альжбету Костык, якая ляжала хворая ў доме, спалілі жывой. Раніцай, верхам на конях, прыexaлi партызаны i прапанавалі перасяліцца ў суседнія вёскі. Наша сям'я перабралася ў Горнава. Ежы не было, хлеб жа згарэў у снапах. Мама хадзіла па людзях, хто што дасць. Забыліся пра соль, мыла, запалкі. Пакутавалi ад каросты... Тым не менш, дапамагалі чым маглі партызанам: вязалі рукавіцы i шкарпэткі, нарыхтоўвалі сена для коней. Аднойчы ледзь не патанулі, пераплываючы Дрысу на плыце: на тым баку, каля вёскі Новы Двор, па начах сярпамі жалі жыта, потым адвозілі снапы ў атрад. Летнім днём 1943 года на вёску наляцелі нямецкія самалёты, пачалі кідаць запальныя бомбы, страчыць з кулямётаў. Усе кінуліся ў лес. Марыю Лабэцкую параніла ў нагу, і яна засталася інвалідам.
Kaлi мы вярнуліся, гapэлi ўсе дамы, акрамя трох. Пасяліліся ў ix па чатыры сям'і. Летнім днём 1943 года каля вёскі Клімаўшчына разгарэўся бой паміж партызанамі і фашыстамі. Тады загінулі партызаны Быкаў, Мрочак і Жураўлёў. Цяжка параненую медсястру Марыю Сцежка прывезлі ў вёску Юркава, дзе яна і памерла.
А зімой пачалася карная экспедыцыя. Партызаны перебіраліся за лінію фронту. Мірныя жыхары, у тым ліку і мы з мамай, сям’ёй Тамашавых (Яўгеніяй і Зінаідай), хаваліся ў лесе. Аднойчы зусім блізка пачулі гул самалёта, нямецкую гаворку і бразганне вайсковай амуніцыі. Кінуліся бегчы па балотах, валіліся, падымаліся… Меншанькую сястрычку Надзею неслі на плячах. Натыкнуліся на пакінутыя зямлянкі. Усе настолькі стаміліся, што не было сіл рухацца далей. Мама сказала: ”Застанемся тут, што Бог дасць, тое і будзе”. Чулі страляніну, тарахценне павозак. Раніцай пацішэла. Мама пайшла разведаць, што сталася з ранейшым прытулкам. І ўбачыла, што зямлянка наша ўзарвана, а бабулька Вольга, якая засталася там, ляжыць забітая.
Паступова пачалі збірацца знаёмыя, аднавяскоўцы. Ад іх даведаліся, што з нашай вёскі Гараўцы загінулі пяцёра дзяўчат і адзін падлетак: сёстры Костык Ніна (да вайны яна была сакратаром Дзёрнавіцкага сельсавета) і Жэня, сястра і брат Ліпаўкі – Ніна і трынаццацігадовы Вася, Лена і Надзея Пазняк (цётка і пляменніца). Яны прасілі немцаў, каб іх пакінулі ў жывых, але вылюдкі загадалі легчы тварамі ў зямлю і расстралялі. Цудам пазбегла гібелі Лена Пазняк. Параненая, сцякаючы крывёй, яна ноч праляжала сярод забітых. Раніцай яе знайшлі родныя… Прыкладна ў гэты ж час загінула сям’я майго дзядзькі Аляксандра Костыка. Усіх, у тым ліку і дзяцей Раю, Шуру і Пецю, спалілі жывымі ў пуні.
Зверствам фашыстаў не было межаў. У час той жа экспедыцыі жыхарка вёскі Лугаўцы Палагея Шылко пакінула на павозцы двух маленькіх дзяцей-аднагодкаў, маўляў, хто ж падыме руку на безабаронных істот, а сама схавалася на балоце. Калі вярнулася, знайшла іх забітымі. Праклятыя фашысты закалолі дзяцей штыкамі.
Шмат яшчэ давялося перажыць гора за перыяд акупацыі. Але ніколі не знікнуць з памяці светлыя дні ліпеня 1944 года. Ноч мы прасядзелі ў зямлянцы, непадалёк грымеў бой. З узыходам сонца выбраліся вонкі і сустрэлі знясіленых, у прапацелых гімнасцёрках, з чырвонымі зоркамі на пілотках, нашых родных салдат, якія гналі ворага з крыкамі “Ура!”.
У верасні 1944 года я паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча. Вучыцца было нялёгка. Печы палілі шпаламі, якія самі прыносілі з чыгункі, займаліся пры капцілках, зробленых з гільзаў. Сшыткі рабілі з трафейных папяровых мяшкоў. Апраналіся хто як мог. У мяне было паліто, перашытае з шыняля і перафарбаванае толам у карычневы колер. А нямецкія чаравікі падараваў брат, які знайшоў іх у лесе. У выхадныя дні абавязкова ўдзельнічалі ў суботніках. Разбіралі завалы, насілі цэглу. Затое не было больш страху! Мы былі маладымі і радаваліся жыццю




