Кандраценка (Хадакова) Вера Фёдараўна
д. Гвоздово
Вера Фёдараўна нарадзілася ў в. Ліцвякова ў сялянскай сям'і Хадаковых. У сям'і было двое дзяцей: дачка Вера (1931г.р.) і сын (1937 г.н.). Перад вайной сям'я пераехала ў в. Гваздова.
У дзіцячым узросце Веры Фёдараўне прыйшлося перажыць увесь жах вайны, страціць блізкіх, пабываць у канцлагеры. Жанчына не можа без слёз успамінаць падзеі той далёкай пары. Свой аповед пра перажытыя падзеі яна пачынае зваротам да дзяцей: «Усё, што я ў дзяцінстве перажыла, - усё гэта зрабіла вайна! Адна вайна. Дзеткі, прашу, беражыце мір! Я хачу вам пажадаць, каб вы ніколі не бачылі вайны».
У 1943 годзе фашысты праводзілі масавыя карныя экспедыцыі. Як успамінае Вера Фёдараўна, жыхары навакольных вёсак хаваліся ў лесе, у партызан. Яе сям'я таксама хавалася ў лесе. Але жыхарам неабходна было час ад часу вяртацца ў вёску, каб папоўніць запасы ежы, спячы хлеб, узяць самыя неабходныя рэчы. У адзін з такіх дзён сям'я Хадаковых прыехала ў Гваздова ў сваю родную хату пераначаваць і спячы хлеб. А раніцай наляцелі немцы. Па тры чалавекі яны патрулявалі населены пункт, выганялі з дамоў жыхароў. Вера Фёдараўна паспела схавацца ў ручаіне пад мостам. Яна чула, як брат і мама шукалі яе, але баялася выйсці, а калі ўбачыла, што родных вязуць на падводах, хацела іх дагнаць. Толькі яна паспрабавала выбрацца з-пад моста, як яе схапіла за ногі цётка Марфа, якая схавалася з ёй разам: «Памірай на месцы, тут! Нікуды не ідзі!» - сказала яна дзяўчынцы, і тая засталася сядзець на месцы.
Гітлераўцы выганялі з хлявоў жывёлу, а тых нямногіх жыхароў, якіх знайшлі ў вёсцы, на падводах адвозілі ў Юзэфова. Там былі сагнаныя ўжо жыхары і з іншых вёсак. Іх пашыхтавалі на беразе ракі і расстралялі з аўтаматаў. Целы забітых фашысты скідалі ў Свольну. Сярод расстраляных былі маці, бацька і брат Веры Фёдараўны. Так у дванаццацігадовым узросце яна засталася сіратой. Родную вёску гітлераўцы спалілі дашчэнту, засталося адно папялішча.
Дзяўчынка стала жыць з дзядулем і бабуляй. Перахварэла на тыф. Дзед адвёз яе ў Боркавічы да цёткі. Адтуль Вера Фёдараўна была вывезена фашыстамі ў Германію. Там яна знаходзілася амаль паўгода ў лагеры Эгартон недалёка ад Мюнхена, працавала на фабрыцы Фраймон.
Вера Фёдараўна ўспамінае жыццё ў лагеры: «Было вельмі холадна, кармілі надгаладзь, прыходзілася цяжка працаваць». У 1944 годзе вязняў лагера вызвалілі амерыканскія войскі. Упершыню за некалькі месяцаў няшчасныя людзі сталі атрымліваць нармальнае харчаванне, змаглі аднавіць сілы. Вера Фёдараўна вярнулася на радзіму, але жыць ёй даводзілася ў чужых людзей. Жанчына старалася зарабіць, каб не быць у цяжар нікому.
У канцы сустрэчы Вера Фёдараўна яшчэ раз звярнулася да хлопцаў: «Дзеткі, прашу, толькі беражыце мір! Будзьце шчаслівыя!»
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




