Гасюль Галіна Дзянісаўна - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Гасюль Галіна Дзянісаўна

Наша сям’я была вялікая: тата - Пацалуенак Дзяніс Пятровіч, мама - Аляксандра Сямёнаўна і шасцёра нас, дзяцей. На пачатку вайны мне было каля сямі год. Старэйшая сястра Жэня загінула ў першыя дні вайны, калі бамбілі чыгунку ў Полацку, дзе яна працавала па камсамольскай пуцёўцы. Ёй было 22 гады. Тата быў інвалідам другой групы з Першай сусветнай вайны.

Памятаю, як з вечара мама варыла кацялок бульбы, а ўначы заходзілі партызаны.

Калі пачалася карная экспедыцыя, у нашу вёску, што была блізка ад крыжавухі вялікіх дарог, панаехалі бежанцы з Сар’і, Бігосава, Мікаленак, Гараватак, Леснікова. Партызаны папярэдзілі, каб усе хаваліся, і людзі, уцякаючы абозамі, з саначкамі, пацягнуліся ў Клясціцкія лясы. Немцы абстрэльвалі бежанцаў з самалётаў. Людзі пакідалі ўсё, беглі ў лес, зашываліся пад елкі. Дзеці плакалі, крычалі і губляліся ў мітусні. Фашысты даганялі і знішчалі ўсіх, хто не паспяваў уцячы ў балотныя нетры, у Малавідах тапілі людзей у Свольне. Ад жыхароў нашай вёскі засталося менш за траціну.

Стаялі вялікія маразы, да вясны мы адседзелі ў буданах, палілі вогнішчы, спалі на лапніку. Улетку 1942-га ў нас нарадзіўся брацік Пеця, і ён з намі быў разам і выжыў, хаця людзі пазбягалі нас, адганялі ад сябе, баючыся, што немцы пачуюць, як плача мой брацік. Мама затыкала яму рот анучкай; жах і жаль ахоплівалі нас, калі мы бачылі кроў на той анучцы і чулі воклічы немцаў: “Аль, аль!” ды брэх сабак. У зацішны час мама растаплівала снег, мыла пялёначкі і абгортвала іх вакол свайго цела, каб падсушыць.

Вясною мы вярнуліся дадому. Але Краснава было спалена. На папялішчах ляжалі парэшткі спаленых людзей, хворых ды старых, якія не здолелі ўцячы. Іх пазбіралі і пахавалі за вёскай. Мы пасяліліся ў маладым лесе побач з вёскай. Лес яшчэ да вайны садзіў тата, ён быў лесніком. Выкапалі зямлянкі. Харчаваліся прыхаваным загадзя зернем. Мы яго парылі ў кацялках. Каб наш скарб не знайшлі, тата вырыў яму, а ў ёй – яшчэ адну. У той “паддоннай” яме і быў ячмень ды шаечка з соллю.

А потым стала набліжацца другая карная экспедыцыя. Людзі зноў кінуліся наўцёкі. Тата лес ведаў добра, і ўсе пайшлі за ім у балота “Зялёныя астравы”. Людзей было шмат, рухаліся хто куды. Шмат хто захварэў на тыф, было нямала ляжачых. Такія сем’і заставаліся на краі балота, цераз багну іх не цягнулі. Рухаліся па начах. У кожнага малога за плячыма была торбачка з адзежкай ды неабходнымі рэчамі. У таты была сякера, у мамы – маленькі Пеця. Было так, што я, Сеня і Геня ноччу адсталі і згубіліся. Нацярпеліся страху і мы, і бацькі нашы. Праз пару дзён тата знайшоў нас. У Пеці разгарэлася тэмпература. Мяне і яго адвялі ў партызанскую зямлянку, толькі там так дзьмула і было так холадна, што ля вогнішча было куды лепей.

Карнікі прайшлі туды і назад. Тады шмат людзей злавілі, шмат пастралялі, некаторых адправілі ў Нямеччыну. Расстралялі двух матуліных братоў Забагонскіх – Пятра і Івана разам з сем’ямі. Іх пахавалі ў Ардаўскіх. Шмат таткавых родных фашысты пастралялі і спалілі ў Мазалеўшчыне. А наш маленькі Пеця пераставаў плакаць, як толькі яму паказвалі анучку і казалі: “Ціха! А то зараз заткнем табе рот!”.

Калі карнікі адышлі, мы павылазілі з балот і пасяліліся ў лесе каля вёскі Шчунькі. У схіле гары выкапалі вялікую зямлянку, зладзілі з жэрдак нары, насцялілі лапніку. З атрада Катоўскага да нас прынеслі шэсць партызан, хворых на тыф. Іх размясцілі на нарах, а мы ляжалі пад імі. Праз некаторы час мы перабраліся бліжэй да родных мясцін, уладкаваліся ў балоце ў наваколлі Каменкі. З намі разам там жылі яшчэ тры партызанскія сям’і – жанчыны з дзецьмі.

Калі немцы адступалі, мы трапілі пад перакрыжаваны агонь. Бой грымеў тры дні, пакуль не пакаціўся далей на захад. Праз некалькі дзён мы сустрэлі савецкіх салдат. Гэта былі сувязісты. Мы накармілі іх бульбай, а яны пачаставалі дзяцей цукрам і сухарыкамі. А тады сказалі: “Ідзіце, завіце сваіх людзей, годзе ў балоце сядзець!”

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс