Дзярко Віктар Паўлавіч
д. Абразеево
У вёсцы Абразэева да вайны было 24 хаты, у якіх жыло каля ста чалавек. У нашай сям'і, акрамя мяне, былі два маіх браты і дзве сястры. Мы ўжо былі не малыя.
Старэйшы брат Грыша быў у партызанскім атрадзе «Бясстрашны», дзякуючы яму мы былі ў курсе падзей, якія разгортваліся ў нашых месцах. Аб карнай экспедыцыі ў лютым 1943 г. партызаны ведалі яшчэ да яе пачатку. Таму ў ноч, якая для многіх сотняў мірных жыхароў стала апошняй, Грыша з сябрамі прыехаў у вёску і вывез нас усёй сям'ёй. Некалькі сем'яў вяскоўцаў таксама рушылі на ўсход, у вялікія лясы.
Астатніх чакала смерць. Яшчэ не развіднела, калі мы, гнаныя трывогай і страхам, беглі па саннай дарозе ў Сар’ю, а ззаду, па баках і нават недзе наперадзе злева, за лясамі, ўзвіліся, барвовыя полымныя слупы; адлюстроўваючыся ад аблокаў змрочнага неба, яны асвятлялі наш шлях. Незразумелы, страшны хор крыкаў таксама час ад часу ўзвіваўся да нябёсаў, заглушаючы наша шумнае дыханне.
Калі развіднела, усё вакол гарэла, толькі вогненныя факелы замянілі слупы чорнага дыму, які неўзабаве апанаваў усю прастору. Мы абмінулі Сар’ю, якая таксама гарэла, пераправіліся па цёмным лёдзе праз раку, затым, не выходзячы на Асвейскі гасцінец, пайшлі дзе прасёлкамі, дзе па снежнай цаліне на Колбаўшчыну і далей. Спыніліся толькі ў Шаўраках, дзе ў мамы былі знаёмыя. Карнікі наступалі, і брат сказаў сыходзіць далей, на Каханавічы. Смерць ішла па пятах, адзначаючы свой шлях усё новымі і новымі вогнішчамі спаленых вёсак, і мы сыходзілі далей і далей, пакуль не дабраліся да вёскі Кавалі ў глыбіні Расонскіх лясоў. Там былі партызаны.
Увесну брат Сяргей, які быў партызанам атрада імя Сімацкага, пераправіў нас з лесу ў вёску Чырвонцы ў ваколіцах Каханавіч. Дакладней, у былую вёску. Не толькі вёсак, але і ніякіх пабудоў наогул у Асвейскім раёне да гэтага часу ўжо не было. У нашым пешым абозе было шэсць сем'яў. Вырылі зямлянкі ды так і сталі жыць, сілкуючыся «падножным кормам».
Другая экспедыцыя карнікаў выгнала нас з зямлянак з пачаткам новай зімы. Мы зноў пацягнуліся на ўсход. З намі была Грышава жонка з двума малюткамі. А яшчэ з намі былі голад і холад, кароста і тыф. Бадзяліся па заснежаных лясах, уцякаючы ад карнікаў. Калі яны адышлі, брат нас знайшоў і прывёў да Святога возера. Там былі партызаны, і мы зноў ладзілі свой побыт у зямлянках.
Не паспелі парадавацца насталаму лету, як нейкі здраднік прывёў паліцаяў. Усіх выгналі з зямлянак і прыгналі ў Барысова. Тут нас выстраілі ў шарэнгу і абвясцілі смяротны прысуд. Першымі расстралялі ва ўсіх на вачах бацьку і дзвюх дачок Сардыкаў. Але раптам наляцеў наш самалёт, які ляцеў з бомбамі на перадавую, людзі кінуліся ўрассыпную у жыта, у лес. Цяпер было бегчы і схавацца лягчэй, чым зімой, і ўцекачы ўцалелі. А праз два дні савецкія салдаты вызвалілі Асвею.
Якія страшныя перадсмяротныя пакуты перажылі нашы родныя і аднавяскоўцы ў Абразэеве, мы не ведаем. Цэлае кальцо вёсак у палявых ваколіцах Сар’і памерла ў агні і не адрадзілася да жыцця. Зараз невысокія курганы са стэламі на вяршынях можна ўбачыць пад ацалелымі старымі дрэвамі або проста сярод жытняга поля. Так пазначаныя магілы «вогненных вёсак» Верхняе і Ніжняе Стунжава, Абразэева, Пушалаты, Булы, Забароўцы, Ракшні. Тры апошнія не маюць магіл у Хатыні.
Калі складаліся спісы, нехта вырашыў, што гэтыя вёскі не маюць права на ўшанаванне, бо ў іх некалькі хлопцаў былі паліцаямі, а ў Булах вяскоўцы, спрабуючы ўлагодзіць сваіх катаў, сталі перад імі на калені з абразамі ў руках ...
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




