Чарнавок (Iсаева) Валянціна Канстанцінаўна
У Беларусі няма сям'і, якую не закранула б трагедыя ўсяго чалавецтва — вайна.
Я хачу распавесці гісторыю сям'і сваёй роднай бабулі Чарнавок Валянціны Канстанцінаўны. Вайна прайшлася па гэтай сям'і як аўтаматная чарга: каго забіла напавал, а каго моцна параніла і душэўна і фізічна.
Сям'я Ісаевых жыла ў вёсцы Селядцова Асвейскага раёна. Прадзядуля Ісаеў Канстанцін Андрэевіч, 1890 г.н, па ўзросце не быў прызваны ў армію. У пачатку вайны яму — было 50 гадоў. У снежні 1941-га, пры нарыхтоўцы дроў, ён прастыў. У прадзеда паднялася высокая тэмпература. Медыцынскай дапамогі не было ніякай, бо ішла вайна. Хварэў Ісаеў Канстанцін Андрэевіч доўга, а зiмой 1942 года памёр. Родныя казалі, што ў яго было запаленне лёгкіх.
Прабабуля, Ісаева Таццяна Васільеўна, 1900 г.н., была простай вясковай жанчынай. Хвацкая гаспадыня, клапатлівая жонка і маці. У шматдзетнай, дружнай сям’і Ісаевых да вайны было восем дзяцей: шэсць дачок і два сыны.
Старэйшы сын Фёдар ваяваў у партызанскім атрадзе імя Аляксандра Неўскага, што базаваўся ў нашых лясах. Пайшоў ён у партызаны неўзабаве, як прыйшлі фашысты, у студзені 1942 года. Удзельнічаў у выведцы, хадзіў разам з іншымі падрываць чыгуначнае палатно, грамілі нямецкія пасты, нападалі на іх абозы з харчаваннем, дапамагалі сваім мірным грамадзянам. У бітве з фашыстамі ў траўні 1944 года ён быў паранены. З прыходам нашых Фёдар залечваў свае раны, і больш яго служыць у войска не ўзялі. Здароўе ў яго было слабое. Усё сваё жыццё ён пражыў у вёсцы Задзежжа і памёр у 1982 годзе.
Другі сын Іван, якому на пачатку вайны было 14 гадоў, таксама пайшоў у партызаны. Ён быў шустры, маленькі, таму часта яму даручалі схадзіць у разведку ў тую ці іншую вёску. Аднойчы, пры выкананні сакрэтнага задання, ён трапіў у рукі фашыстаў. Яго прывезлі ў аддзяленне гестапа ў Асвею. Тут яго доўга катавалі, але ён нікога не выдаў. Пасля зверскіх здзекаў і катаванняў Іван памёр у камеры.
На жаль, у кнізе «Памяць» ніхто з сям'і Ісаевых не згадваецца. Няма іх сярод загінулых і сярод удзельнікаў вайны. Але галоўнае, што гэта памятае наша сям'я, нашы сваякі.
Аб карнай экспедыцыі 1943 г. мая бабуля, Ісаева (Чарнавок) Валянціна Канстанцінаўна, успамінае: «Калі пачалі паліць вёскі, усе жыхары паехалі са сваімі дзецьмі і скарбам у лес. Спачатку не было зямлянак, жылі проста ў лесе. Спалі на яловых галінках. Пазней выкапалі зямлянкі. Дапамагалі нам і партызаны. У мамы было шмат дзяцей, таму нам было дужа цяжка. З намі была скаціна, гэта нас і ратавала ад голаду. У красавіку 1943 года нашы разведчыкі далажылі, што ў вёсцы нікога няма, у сэнсе немцаў, і мы вырашылі ўсе вяртацца дадому. Запрэглі коней, пагрузілі дзяцей і рэчы. Скаціну прывязалі да павозак і рушылі ў Селядцова. Недалёка ад вёскі сустрэлі паліцаяў, тыя адабралі ў нас кароў і нас сагналі ўсіх у хлеў - былую пабудову калгаснай фермы. Тут нас трымалі пяць дзён, без ежы і вады. Дзеці плакалі спачатку, а потым і яны прыціхлі. Немцы, якія нас ахоўвалі, на пяты дзень загадалі ўнутры распаліць вогнішчы. Распалілі шэсць вогнішчаў, было вельмі душна і дымна, як маглі, усе ляглі на зямлю. Яны хацелі нас так спаліць. А тут раптам прыляцеў нейкі самалёт і скінуў пакет з паперамі. Немцы прачыталі іх і выпусцілі ўсіх на волю. Казалі, што гэта быў загад не знішчаць мірнае насельніцтва. Так мы засталіся жывыя.
Але чатыры чалавекі загінулі ад гэтых вогнішчаў. Яны атрымалі апёкі і неўзабаве памерлі. Затым карнікі нас усіх пагналі за чыгунку ў вёску Каршуны. Там пасялілі ў пустыя дамы па пяць-шэсць сем'яў. Было холадна і голадна, спалі на падлозе, у саломе. Мы хадзілі па вёсцы і прасілі міласціну, каб хоць ледзь-ледзь далі паесці дзецям. Прайшло каля месяца, і нашы людзі вырашылі ўцячы з вёскі. Уначы яны пайшлі ў лес. Сустрэлі партызан, і тыя адвялі іх у Каханавічы, а неўзабаве мы перабраліся ў сваю вёску.
Яна была спалена. Мы пабудавалі буданы і да зімы жылі ў іх. Да зімы хто выкапаў зямлянку, хто пабудаваў дом. Гэта ў тых, хто сваякі былі ў партызанах, ды і дарослыя. А ў нас былі адны дзеці. Мы яшчэ доўга жылі ў зямлянцы. І страшней за ўсё быў голад, а не адсутнасць жылля нармальнага. Жылі мы ў зямлянках да 1949 года.
Дом пабудавалі сваімі сіламі, дзеці і маці. Кожны нешта рабіў для сям'і. Адны хадзілі лес валіць, іншыя чысцілі кару з бэлек, трэція цягалі гэтыя бярвёны з лесу. Часам з дапамогай каня, калі суседзі давалі, а часцей на сабе. Пры гэтым з 1944 года ўсе, хто не паспеў да вайны, пайшлі ў школу, у Задзежжа. Вучыліся там хто чатыры гады, гэта старэйшыя, хто сем гадоў. Але ўсе былі пісьменныя, усе ўладкаваліся ў жыцці, працавалі, мелі сем'і і гадавалі дзяцей. Цяжка было».
Мая бабуля, Чарнавок Валянціна Канстанцінаўна, зараз жыве ў вёсцы Задзежжа, на пенсіі. Усё жыццё яна працавала бібліятэкарам у гэтай вёсцы.
Успаміны запісала
Вучаніца Лявонішанскай БШ
Альшэўская Юлія




