Бяззубенак Леанарда Ігнатаўна - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Бяззубенак Леанарда Ігнатаўна

Леанарда Ігнатаўна ўспамінае: “Нас у маці было трое. Бацька захварэў і памёр у 1942 годзе. Трэцяя дзяўчынка нарадзілася ўжо пасля яго смерці. У час карнай экспедыцыі мне было пяць гадоў, а маленькай – шэсць месяцаў. Нашы Плейкі спалілі раней, мы жылі ў Леснікове. Людзі ведалі, што ідзе экспедыцыя, і стараліся схавацца ў лесе. Мы таксама накіраваліся туды, але за вёскай убачылі немцаў у маскхалатах і павярнулі назад. У вёсцы людзей пашыхтавалі. Некаторых адразу забілі (нашага дзядзьку за сувязь з партызанамі), іншых пагналі ў агонь. Маладзейшых аддзялілі і павезлі ў Саласпілс.

Туды трапілі і мы з мамай. Наша бабуля, бацькава маці, была ў лесе. Яе паспелі туды завезці раней за нас. Там яна даведалася, што вёску спалілі разам з людзьмі. Калі ўсё сціхла, бабка пайшла на папялішча, корпалася там і знайшла маленькі белы валёначак, якраз такі, які быў на мне. Яна вырашыла, што мы згарэлі. А бабка нас вельмі любіла, шкадавала. Яна плакала, перастала есці, ляжала ўвесь час на санях, так і памерла. Ад бабулі я ведала малітвы. Я ўвесь час плакала і малілася, плакала і малілася. Можа тыя малітвы і збераглі мяне. Маму з намі разлучылі. Яе з маленькай адправілі ў Ліепаю, у дзіцячы дом, а мы са старэйшай сястрой засталіся ў Саласпілсе. Мама ўладкавалася ў дзіцячы дом прыбіральшчыцай, каб бачыць дачку. Дзяўчынка пачала папраўляцца, ўсміхалася, але раптам захварэла і памерла. А нас з сястрой таксама разлучылі. Я захварэла на тыф, ляжала ў ізалятары, а яе латышы павезлі ў Огрэ, узялі за няньку. Колькі я прабыла ў Саласпілсе, не ведаю, толькі помню, што стала цёпла, таяў снег, калі нас павезлі ў Рыгу.

Прывезлі нас у манастыр. Там людзі разбіралі дзяцей. Мяне ўзяла адна жанчына. Яна была прыгожая, добра апранутая, а я была адзета і абута абыяк: на адной назе галёша, на другой – нейкі башмак. Гэта жанчына хацела мяне ўдачарыць, павезла да сябе. Дома мяне вымыла, пераапранула. Яна працавала медсястрой у нямецкім шпіталі, магла ўзяць там лекі. Імі вылечыла мяне. У яе мне было добра. Толькі я не магла яе называць мамай. Яна мне гаварыла, каб я звала яе мамай, але я маўчала. Тады яна сказала, каб я называла яе Муттэр, па-нямецкаму. Я згадзілася і стала зваць яе Муттэр, Мутті (мама). Калі немцы пачалі адступаць, шпіталь перавезлі ў Кёнігсберг. Паехала і мая прыёмная маці. Я засталася ў яе старой маці. Старая была вельмі сярдзітая, часта біла мяне.

Аднойчы я назбірала бутэлек, здала іх у ларок, атрымала купон і шэсць рублёў. Па дарозе грошы і купон згубіла. Дамоў ісці баялася, пайшла як сцямнела. Старая, як толькі даведалася, што здарылася, стала біць мяне палкай і плёткай, не пусціла спаць на пасцель, і я спала пад парогам, як сабака. Аднойчы я пазнаёмілася з жанчынай, якая працавала пры дзецях. Яна прыслала мне купоны на паліто, сукенку і галёшы. Мая гаспадыня ўсё гэта атрымала і прадала, а я хадзіла ў старым. Сястра была ў Огрэ. Знайшліся добрыя людзі, якія дапамаглі ёй знайсці мяне, і яна прыязджала да мяне са сваёй гаспадыняй. Потым знайшлася і мама. Яна працавала ў багатых латышоў. У іх было 20 работнікаў. Калі прыйшлі нашы, мама пераехала бліжэй да мяне.

А забрала мяне толькі ў 1947 годзе, калі жыць стала лягчэй. Жылі мы на хутары. У школу хадзіла за дзевяць кіламетраў. Зімой жыла ў інтэрнаце. У Беларусі ў мяне быў дзядзька. Ён зваў мяне да сябе. Я прыехала ў Верхнядзвінск у 1955 годзе. Уладкавалася працаваць на льнозавод. Далі інтэрнат. У 1961 годзе выйшла замуж у Жагулі. Працавала ў калгасе. З мужам пражылі 41 год. Пасля яго смерці засталася адна, часта хварэю. Дзеці і ўнукі не забываюць, часта прыязджаюць, дапамагаюць ва ўсім.

Старэйшы ўнук ажаніўся. Цяпер у мяне ёсць маленькая праўнучка.

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс