Бурак Раіса Тарасаўна
1931 г.н.
У мяне ёсць самая любімая ў свеце бабуля! Яе клічуць Бурак Раіса Тарасаўна. Яна нарадзілася 13 сакавіка 1931 ў вёсцы Любасна. У бабулі былі дзве сястры - чатырнаццацігадовая Зоя, дванаццацігадовая Анфіса і пяцігадовы брацік Алег. Я кажу пра ўзрост кожнага дзіцяці так падрабязна таму, што гэтым дзецям прыйшлося перажыць такое, што нам і не снілася ў самым страшным сне. А Зоя пайшла з жыцця зусім юнай. І віной таму - вайна!
Бабуля мне шмат казала пра Вялікую Айчынную вайну. Я распавяду вам тое, што мне запомнілася назаўжды.
Лета 1941 бабуля запомніла на ўсё жыццё: «Пачаліся доўгачаканыя летнія вакацыі, сям'я пераехала ў новы дом. Вялікі, прасторны і ўтульны, ён быў сагрэты сонечным святлом і цяплом бацькоўскай любові. Але калі па радыё аб'явілі, што пачалася вайна, усе радасці, бесклапотны летні настрой зніклі. Дом добра абараняў сям'ю ў дождж і непагадзь, але не змог выратаваць ад вайны. Шмат каму давялося бегчы ў лес. Мама і старэйшая сястра Зоя засталіся - яны рыхтавалі ежу для партызан, а партызаны ахоўвалі іх вёску.
У гэты час я з бацькам, сястрой і брацікам хаваліся ў зямлянках, накрываліся лапкамі елак. У дажджлівыя дні там было холадна і сыра, сагрэцца нельга: дым вогнішча мог выдаць нас фашыстам.
Але праз некаторы час партызаны не змаглі больш ахоўваць вёску, бо немцы былі мацней. Партызанам прыйшлося сысці, а за імі адразу ж наляцелі карнікі. Людзей, якія засталіся ў вёсцы, фашысты загналі ў хлеў і падпалілі ... Там былі ў асноўным жанчыны, дзеці, пажылыя людзі. У агні згарэлі мама і сястра Зоя. Людзі задыхаліся ў дыме, крычалі, плакалі, маліліся. Яны з хлява выкідалі свае рэчы: хусткі, кофты, курткі, каб родныя ведалі, дзе яны ...
Калі немцы сышлі, тата вярнуўся ў вёску. Ён убачыў каля згарэлай адрыны сінюю з чырвонымі ружамі хустку. Гэта была мамчына хустка ... Напэўна, няма ні ў адной мове слоў, якія б змаглі апісаць яго гора, калі ён прыціскаў да сэрца апошнюю вестку ад сваіх любых ... »
Бабуля кажа, што ёй цяжка і балюча ўспамінаць, але пра гэта трэба казаць, пісаць кнігі, здымаць фільмы, каб людзі ўсяго свету ведалі, як важна захаваць на нашай зямлі мір.
Маю бабулю на вайне выратаваў, напэўна, толькі цуд. Яна некалькі разоў трапляла ў палон і ўцякала. Аднойчы яе схапілі немцы і кінулі разам з астатнімі людзьмі ў хлеў. Фашысты хацелі іх спаліць. Але тут у небе з'явіліся самалёты. На зямлю пасыпаліся белыя лісточкі. А ў іх загад аб адмене знішчэння людзей! Вось так мая бабуля цудам засталася жывая.
Пасля вайны бабуля трапіла ў дзіцячы дом у вёсцы Казінка. У 1946 сястра Анфіса забрала яе з дзіцячага дома. І так паволі стала наладжвацца жыццё.
Зараз бабулі 83 гады. Я гляджу ў яе вочы і думаю пра тое, што калі б бабуля загінула, згарэла ў агні, то не было б і маіх бацькоў, мяне і маіх сясцёр. Значыць, фашысты хацелі забіць і мяне, і будучыя пакаленні беларусаў ... Я ёю вельмі ганаруся, таму што яна змагла перажыць цяжкія гады вайны, вырасціць дзяцей і ўнукаў. Бабуля кажа, што цяпер мы жывем добра, але пра вайну ёй ніколі не забыць! Яна пакінула вялікія раны на сэрцы.
Я вельмі люблю ездзіць да бабулі ў вёску Лісна на вакацыі. Я ёй дапамагаю дроў прынесці, прыбрацца ў хаце, есці згатаваць. А яшчэ мы з бабуляй вельмі любім лавіць рыбу, збіраць ягады і грыбы. Дарагая бабуля, моцнага здароўя табе і пабольш сіл! Жыві, мая родная, доўга-доўга!




