Бубала Антон Францавіч
д. Желобовщина
Пра апошні дзень вёскі Жалабоўшчына – 16 лютага 1943 года – ніхто не раскажа, бо жывых сведкаў гібелі яе жыхароў не засталося.
Жалабоўшчына стаяла блізка ад латвійскай мяжы – за тры кіламетры, і яе, як і дзясяткі іншых памежных вёсак, спалілі на самым пачатку карнай аперацыі “Зімовыя чары”.
Вёска стаяла ў куце паміж вялікіх дарог, адгароджаная ад адной з іх рэчкай Сар’янкай, ад другой – лесам. Але карнікі, відаць, ішлі лавінай і па мясцовых дарогах ад вёскі да вёскі. Жалабоўцы не паспелі нікуды ўцячы і трапілі ўсе ў полымя. Гэта засведчылі новапасяленцы залеснай вёскі Пятроўшчына, якія шукалі месца расправы над былымі яе жыхарамі, што таксама загінулі ўсе да аднаго. На пажарышчы аднаго з дамоў Жалабоўшчыны яны ўбачылі абмытыя дажджамі чалавечыя косткі. Сярод шкілетаў адзін быў вялікім: Жалабоўшчына славілася дзяўчынай высокага росту, яе звалі Ганурата Лемяшонак. “Лішніх” касцякоў не знайшлося. Пятроўцы пахавалі вуголле і попел з пажарышчаў сваёй вёскі, палічыўшы, што надта люты агонь дашчэнту спапяліў ранейшых яе жыхароў.
На адкрыцці помнічка на кургане ў Жалабоўшчыне прысутнічаў і казаў жалобныя словы Пётр Міронавіч Машэраў.
Пятроўшчына
Вёска Пятроўшчына пазначана на самых старых мапах на Полацка-Рэжыцкім тракце за кіламетр ад мяжы з Лівоніяй-Латвіяй. У гэтай, на дзіва прыгожай вёсачцы, на высокім беразе чысцюткай бурлівай Асуніцы, жылі працавітыя і набожныя людзі. Жылі дружна і прыгожа. Лазня на ўсю вёску была агульная, калодзежаў не было, ваду насілі высока з ракі альбо шматлікіх крыніц. Адзіную вуліцу, замасціўшы ў макрэйшых месцах, падмяталі кожную суботу. Да рэчкі збягалі дагледжаныя сады. Нават калгасны лад не адвучыў пятроўцаў ад рупнасці ў гаспадаранні. Не было тут ні камсамольцаў, ні камуністаў, ні атэістаў. Ад Бога не адракліся, бо была магчымасць спавядацца ды хрысціць дзяцей у латыскіх касцёлах.
У Латвіі ў кожнай сям’і былі родзічы, добрыя знаёмыя і сябры. Таму тыя з гаспадароў, хто разумеў, якую пагрозу нясе з сабой партызаншчына, што разгарнулася ў лясах, выкарысталі гэту акалічнасць і перабраліся разам з сем’ямі ў Латвію, далей ад бяды.
Партызан у Пятроўшчыне не было, але праз вёску нярэдка праходзілі атрады “граміць гарнізоны” – латыскія хутары, вяртаючыся назад з “трафейнымі” абозамі. Першай вёскай на гэтай жывільнай для партызан і небяспечнай для фашыстаў трасе была Пятроўшчына, і пры любым раскладзе, хай бы ў ёй жылі нават толькі анёлы, ёй было наканавана і першай загінуць, як толькі будзе дадзены сігнал на знішчэнне партызан і базы іх забеспячэння.
Пятроўшчына – адна з нямногіх вёсак, дзе карнікі на досвітку 16 лютага 1943 года знішчылі ўсіх 118 жыхароў да апошняга. Сведак расправы не засталося. Партызанская разведка данесла, што ў вёсцы яны ўбачылі толькі аднаго чалавека, які сядзеў пры вуліцы пад клёнам. Падышоўшы бліжэй, яны пазналі ў ім глуханямога юнака, застрэленага ў рот.
Пасля вайны на папялішчы вярнуліся дзве сям’і, якія ўберагліся ў латыскай радні, і жыхары іншых спаленых вёсак, якія прайшлі праз канцлагеры і нямецкі палон, але засталіся жывымі. Зямлянак не капалі; пакуль пілавалі лес на новыя хаты, жылі ў бліжніх вёсках Латвіі. Першым “збудаваннем” у Пятроўшчыне стаў вялікі крыж на магіле, у якую пахавалі парэшткі з папялішчаў. Тыя парэшткі цяжка было атоесаміць з людскім прахам, яны былі пераплаўлены са шклом і вуголлем у суцэльны шлак – у лясной вёсцы сцены дамоў былі з добрага смалістага сасновага бярвення, таму агонь, у якім згарэлі людзі, быў бязлітасным.
Штовечар пад крыжам маліліся і спявалі “Ратуй ад войнаў, Матка Марыя!”. Гэты спеў з усіх бакоў падхоплівалі сваім выццём шматлікія ваўкі, што ад’еліся на чалавечыне. 17 ліпеня 1944 года тут на злом галавы ўцякалі немцы – танкісты гналі іх трактам ад Асвеі на Дагду, не шкадуючы агню. Пакарэжаную і разбітую нямецкую і савецкую тэхніку мы, дзеці, яшчэ праз некалькі год грузілі на машыны на металалом. “На утыль” збіралі ў лесе і загружалі поўныя кузавы чалавечых касцей; нам тлумачылі, што гэта косці гітлераўцаў.
Як толькі паставілі зрубы, сем’ямі перабраліся з Латвіі ў гэтыя “хаты” без столі і даху над галавой. Ролю лазні напачатку выконваў кубел, у які садзілі адразу некалькі дзяцей, нагрэўшы перад тым ваду напаленым у кастры каменнем. Мыла варылі са здохлай каніны, для прання адзежы варылі луг з попелу. Начынне да хат – сталы і лаўкі, кросны, міскі ды лыжкі і інш. – рабіў амаль усім Ян Бубала, прозвішчам Сівак. Яму было 40 год, а ссівеў ён рана, бо ў Пятроўшчыне згарэлі яго жонка і сынок. Калі ў хатах ужо паліліся печы, а ў хлявах замычэлі каровы, Ян аднойчы раніцай не прачнуўся – сэрцу хапіла перажытага. Гэта было ў 1948-м.
Праз вёску ўвесь час ішлі людзі ў Латвію і з Латвіі. Яны начавалі ў нас, вячэралі ды снедалі за беднымі сталамі разам з гаспадарамі. Асабліва шмат шукалі паратунку ад голаду жыхары Расоншчыны, бо ў іх суседкай была такая ж спляжаная вайною Пскоўшчына. У Латвіі ж можна было зарабіць на зажытак хоць торбачку бобу ці гароху.
Першыя барозны для ўсіх правяла кульгавая кабылка Лёлька. А спружынаваць ды баранаваць давялося каровам. Яны напачатку кідаліся ўбокі, але хутка скарыліся перад лёсам і спакойна станавіліся пад свежагабляванае ярмо.
На вячоркі хадзілі ў Латвію, у кардон. У іх быў лішак хлопцаў, у нас – дзяўчат. Малыя хадзілі і таньчылі нароўні з усімі. Неўзабаве вячоркі загулі ў нашых новых хатах. Латыскім хлопцам было не да вячорак – да іх прыйшлі калгасы, да якіх яны не паспелі прывыкнуць перад вайной. У нашых лясах хаваліся і выходзілі на “паляванне” айзсаргі, альбо “зялёныя” па-наску. Было трывожна. Апошняя перастрэлка над Асуніцай была ўжо ў 1950-х.
Школу адкрылі ў 1948-м. Дзеля гэтага давялося ў кантынгент вучняў запісаць і малалетак. У адным пакоі ў вясковай хаце за зладжанымі мужчынамі доўгімі партамі адразу займаліся вучні ўсіх чатырох пачатковых класаў, а ўзрост навучэнцаў вагаўся ад тых, хто недарос яшчэ да шасці год, да сямнаццацігадовых. Пачатак заняткаў абвяшчаў галасавы сігнал “На ўро-ок!”, але хутка быў зладжаны званок са снараднай гільзы. З гільзаў рабілі таксама газнічкі, большыя памерам служылі нават начнымі гаршчкамі.
У пасляваеннай Пятроўшчыне было ўсяго 10 хат, але ў іх жыло пад сотню жыхароў, у большасці дзяцей. Нават аднагодкі пасляваенныя былі: напрыклад, тры хлопцы нарадзіліся ў 1947-м, хлопец і дзяўчына – у 1949-м і г.д.
А потым вёску аб’явілі неперспектыўнай. Гаспадары прасілі дазволу на электрыфікацыю за свой кошт і сваімі сіламі, бо нават латыскія хутары даволі хутка займелі ўсе выгоды, звязаныя з электрычнасцю. Але дазволу не далі. Уласныя праекты накшталт гірлянднай міні-ГЭС на Асуніцы ажыццявіць было б нерэальна. Дзеці разляталіся ў свет. І вёска не вытрывала, пачала са слязьмі раз’язджацца. Апошняе вяселле ў апошняй хаце адгуло ў Пятроўшчыне пад баян, скрыпку ды бубен улетку 1967 года. Было на ім нямала гасцей і з Латвіі. Гэта было маё вяселле.
Отсканируйте QR-код при помощи смартфона и воспользуйтесь мобильным приложением «QR-гид».




