Бохан Вольга Мікалаеўна, Ламінская Ніна Мікалаеўна
Мы – родныя сёстры. Нарадзіліся ў в. Марцінава. Ніна – 25 мая 1931 года, а Вольга – 11 жніўня 1930 г. Вёска Марцінава у той час лічылася вялікай, у ёй было 36 дамоў. Сем'і ў вёсцы былі таксама вялікія. І наша сям'я не была выключэннем. Яна налічвала 7 чалавек: бацька, маці, старэйшы брат Мікалай, 1927 года нараджэння, і чатыры сястры. Да вайны мы, Ніна і Вольга, скончылі трэці і чацверты класы школы ў Бялькоўшчыне.
Пачалася вайна. Мы, дзеці, дапамагалі бацькам весці гаспадарку і выконвалі ўсю пасільную хатнюю працу.
Выразна ўрэзаўся назаўсёды ў памяць дзень 12 ліпеня 1942 года. Наш дом знаходзіўся ў цэнтры вёскі. Мы прачнуліся каля 4 гадзіны раніцы ад стрэлаў і выбеглі на вуліцу. Бацька нам сказаў схавацца ў яму, размешчаную за домам. І добра, што паспелі схавацца, бо пачаўся пажар – загарэўся дом. Мы, дзеці, разам з мамай ад страху пабеглі ў бок могілак, а бацька стаў ратаваць карову, але быў забіты немцамі.
Каля могілак мы ўбачылі труп забітай маленькай дзяўчынкі. Тады мы кінуліся на Азернікі, а адтуль пабеглі ў Бажкі, дзе і заначавалі. А на золку адправіліся да цёткі ў Навінне, дзе і засталіся на некаторы час. Усе суседнія вёскі немцы не кранулі. Неўзабаве нас забраў да сябе дзядзька з Бялькоўшчыны. У яго мы і пражылі да заканчэння вайны.
Пра тое, чаму наша вёска была спаленая немцамі, мы даведаліся пазней ад хроснага бацькі Скавародкі Фёдара. Гэта было так. Недалёка ад чыгункі на лузе ў начлегу пасвілі коней некалькі падлеткаў. Раптам яны пачулі выбух на чыгунцы. А ў гэты час ішоў нямецкі эшалон. Спалохаўшыся, хлапчукі пабеглі ў вёску. Немцы ўбачылі, што ў бок вёскі бягуць людзі, і вырашылі, што гэтую дыверсію здзейснілі партызаны. Таму нямецкія салдаты акружылі вёску, сталі паліць хаты і забіваць усіх, хто ў іх знаходзіўся.
Пра тое, чаму нам удалося выратавацца з акружанай немцамі вёскі, мы таксама даведаліся з аповеду нашага хроснага. Фёдар, пачуўшы, якая трагедыя адбылася з вёскай Марцінава, адправіўся туды, каб даведацца, ці жывыя мы. Пад'язджаў да вёскі ён з боку Жоўніна. Каля могілак яго спыніў нямецкі салдат з кулямётам. Салдату быў аддадзены загад расстрэльваць тых людзей, што бягуць з вёскі. Фёдар і даведаўся ад яго (толькі як?), што нядаўна з вёскі бегла жанчына з пяццю дзецьмі, але ён не змог па іх страляць, бо ў яго на радзіме засталася свая вялікая сям'я. Немец злітаваўся над намі – нам пашанцавала, мы засталіся жывыя.
Калі немцы пакінулі Марцінава, людзі з суседніх вёсак выкапалі на могілках яму і пахавалі забітых. Іх аказалася 112 чалавек. Сёння на месцы пахавання людзей стаіць помнік.
Пасля вайны мы вярнуліся ў родную вёску. Людзі дапамаглі пабудаваць дом. Мама пайшла працаваць у калгас «Сталінскі шлях» конюхам. У школу мы не хадзілі, бо не было чаго абуць і апрануць. Працавалі ў калгасе. Капалі зямлю, сеялі ячмень, высякалі кусты. Потым я, Ніна, шэсць гадоў адпрацавала на фабрыцы ў Дрысе і зноў вярнулася ў калгас. Выйшла замуж. Сястра Вольга 32 гады адпрацавала ў калгасе, 13 гадоў – на ферме ў Бялькоўшчыне і ў 55 гадоў выйшла на пенсію.
Жыхары вёскі Марцінава на самой справе сталі бязвіннымі закладнікамі дыверсіі, здзейсненай на чыгуначным пераездзе Мікалаем Лявонавым.
Марцінаўскі пераезд – самы бліжні да горада Дрысы, дзе стаяў вялікі нямецкі гарнізон. Пераезд пільна ахоўваўся. У ліпені 1942 года партызанскія атрады яшчэ толькі пачыналі ўтварацца, а пра “рэйкавую вайну” не было і гаворкі. Дыверсіі, якія ладзілі неарганізаваныя мясцовыя супраціўленцы, ажыццяўляліся зрэдку на лясных дарогах, мастках праз рачулкі і ручаі.
Лявонаў Мікалай Дзмітрыевіч – 20-гадовы падрыўнік спецгрупы Кашалёва, прысланай з Масквы, – здзейсніў першую дзёрзкую, але няўдалую дыверсію на чыгунцы, абстраляўшы вартавую будку на пераездзе на досвітку летняга дня. Дыверсант не мог адысці незаўважаным, бо наваколле было бязлесным. Ён кінуўся да вёскі лугавінай і быў на першых жа сотнях метраў застрэлены нямецкімі вартавымі. Можна меркаваць, што Лявонаў быў дыверсантам-адзіночкам, бо ніхто не ўвязаўся ў бой з ахоўнікамі пераезда, каб дапамагчы яму ўратавацца.
Жыхары Марцінава, якія з розных прычын уцалелі ад расправы, не пажадалі пахаваць Лявонава на могілках. Яго магіла знаходзіцца пры шашы на ўскраіне вёскі. (А.Бубала)




