Батуроўская (Іванова) Ніна Пятроўна
Сям'я наша складалася з пецярых чалавек: бацька, маці ды трое дзяцей: я, 1933 г.н., і браты Алег, 1934г. н., ды Сяргей, 1941г. н.
Калі пачалася вайна, я скончыла першы клас. Добра памятаю гэты страшны час. Спачатку ўсё ішлі праз вёску нашы салдаты. Потым прыйшлі немцы. Мы спачатку хаваліся ў лесе, затым у нейкім акопе. Немцы ўсіх сабралі і загналі ў вёску Мышкі. Праз нейкі час мы змаглі вярнуцца дадому. Але дома ўжо не было - фашысты яго спалілі. Не было і бацькі - ён загінуў падчас нямецкага наступу. Пастаянна ў вёсцы нямецкія салдаты не знаходзіліся, але бывалі, перабіраючыся праз раку каля вёскі Дубы.
Нягледзячы на тое, што ішла вайна, мы стараліся весці сваю гаспадарку, каб было чым карміць сям'ю. Вырошчвалі гародніну, а потым хавалі яе ў ямах каля лесу, каб фашысты не адабралі. Так рабілі амаль усе жыхары вёскі. Але людзі былі розныя. Нехта з мясцовых данёс немцам, што мы схавалі бульбу. Нямецкія салдаты прыйшлі восеньскім ранкам і адразу пайшлі да лесу. Некалькі мужчын пабеглі па дапамогу да партызанаў. Тыя прыйшлі, чатырох немцаў забілі, некалькі чалавек узялі ў палон. У наступны раз немцы з'явіліся ў пачатку лістапада (дакладную дату не памятаю). Яны спалілі ўсё да Гараўцоў. Мы паспелі ўцячы і схавацца ў балоце. Днём сядзелі там, а ўвечары выходзілі. Мама насцілала яловых лапак і клала нас спаць, накрывала такімі ж лапкамі. Было холадна, страшна, але мы радаваліся, што засталіся жывыя.
Затым некаторы час мы жылі ў Расонскім раёне. Калі змаглі вярнуцца ў сваю вёску, то ўбачылі, што ўсё тут згарэла. Адно папялішча засталося. Але мама не апусціла рукі і, нягледзячы на тое, што было вельмі цяжка, паволі сталі абжывацца. Неўзабаве маме ад калгаса далі карову, і жыццё патроху стала наладжвацца.
Вайна - гэта вялікая бяда. Радуйцеся жыццю, таму, што ў вас ёсць. Радуйцеся, што жывяце ў мірны час і вашыя родныя побач з вамі.




