Барэйша Аляксандра Міхайлаўна - Верхнедвинская централизованная библиотечная система
showcase left
  • banner-2018-01.jpg
  • banner-2018-02.jpg
  • banner-2018-05.jpg
  • banner-2018-06.jpg
  • banner-2018-07.jpg
  • banner-2018-08-2.jpg
showcase right
adress 2018

Барэйша Аляксандра Міхайлаўна

1930 г. н.

У першы паток мабілізацыі на фронт ішлі мужчыны ад 18 да 40 гадоў. Затым было абвешчана аб мабілізацыі мужчын ад 40 да 50 гадоў. У другі паток ішоў і мой бацька. Яму было 44 гады. Бацька паехаў у Дрысу, а ваенкамат ужо эвакуіраваўся. Яму ў горадзе сказалі: «Едзь у Расонскі ваенкамат. Ён яшчэ на месцы». Ён паехаў туды, а там таксама ўжо нікога не было. Вярнуўся назад. І сталі мы жыць пад немцамі. Аднойчы восенню 1941 года нас папярэдзілі партызаны, што прыедуць немцы і будуць зганяць усіх маладых у Германію.

Мы сабралі пажыткі на каня і паехалі ў лес, у бок вёскі Доўгае. Тут, пры пераправе праз раку, стоўпілася шмат фурманак. Масток быў стары і вузкі. Пры пераправе ў нас на мастку засела кола паміж бярвення. Пакуль мы выбіраліся і ўсе астатнія за намі, з’явіліся немцы на матацыклах, і мы не паспелі ўцячы ў лес. Нас акружылі. Пакідалі там мы ўсе пажыткі, коней, падводы, і пагналі нас на Бажкі, праз Ганчарова, Крыськава. У Бажках нас загналі ў хлеў і пакінулі начаваць. Раніцай нас пагналі далей, у Бароўку. Зноў мы начавалі ў адрынах. Раніцай наступнага дня выгналі ўсіх на вуліцу і загадалі стаяць уздоўж дамоў і чакаць каманды. Мы бачылі здалёку, што немцы праходзілі па вуліцы і сартавалі народ: маладых - у вагоны для адпраўкі ў Германію, старых і малых - у хлеў. Гаспадар дома, дзе мы начавалі, нам падказаў: «Уцякайце агародамі, там канава, і там лес недалёка». Так мы з бацькамі ўцяклі ў лес.

Нас у мамы было трое. Самаму малодшаму было два гады. Пахадзілі мы па лесе і прыбіліся ў Жоўніна. Тут і пасяліліся на год, у дзядзькі нашага. Бацька часта знікаў з хаты, не начаваў. Пазней, калі я стала дарослая, я зразумела, што ён быў партызан. Тады мама нам нічога не распавядала пра гэта, небяспечна было. Пражылі так да вясны 1943-га. Ежы бракавала. Вакол немцы. Мы днём сядзелі ў доме або ў хляве, а ўначы выходзілі на свежае паветра. Маці прала, ткала, мыла і выконвала любую працу за тое, што нас кармілі.

Прыйшлі ў сваю вёску, а там пуста. З дому вынеслі ўсё, што можна было. Адны сцены. Але мы і таму былі рады. Сілкаваліся адной травой, ягадамі, грыбамі. А зімой 1943 года, калі пачалася карная экспедыцыя, мы пайшлі ў лес. Спалі на яловых галінках, накрываліся таксама імі. І не хварэлі. А з ежай дапамагалі партызаны. З голаду ніхто не памёр. Выйшлі мы з лесу, калі нашы прыйшлі. Хаты нашы немцы спалілі. Мы вырылі зямлянкі і жылі там.

Экспорт:

Интерактивная карта. Мемориалы, памятники воинской славы, мемориальные доски

сброс