Анкіновіч (Харчанка) Рэгіна Аляксандраўна
аг. Островщина
У нашай вёсцы было 12 дамоў. Сям'я ў нас была вялікая: мама Марфа Адамаўна, бацька Аляксандр Мікалаевіч і пяцёра дзяцей: Уладзімір (16 гадоў), Аліна (13 гадоў), я (8 гадоў), Таццяна (6 гадоў), Вольга (4 гады). Аліна і Уладзімір памерлі перад самай вайной падчас эпідэміі дызентэрыі.
У сакавіку 1943 года, калі пачалася карная экспедыцыя, усіх жыхароў вёскі фашысты пагналі ў в. Юзэфова, а саму вёску гітлераўцы падпалілі.
У Юзэфове праводзіўся адбор на вываз у Германію. Нас усіх сагналі ў два хлявы. Людзей было бітком. Крыкі, плач. Мы з сёстрамі прыціскаліся мацней да мамы, каб не так страшна было.
Адрыны стаялі недалёка ад ракі. Праз шчыліны было відаць, як на беразе немцы паставілі ў шэрагі людзей, якіх злавілі ў лесе, і расстралялі з аўтаматаў. Усе яны падалі проста ў раку. Нават калі хто і быў паранены, то не выжыў. Усіх, хто спрабаваў выбрацца, фашысты расстрэльвалі, нікога не шкадавалі.
Гітлераўцы не проста забівалі людзей, а сартавалі: немаўлят вырывалі з матчыных рук і жывымі ў палонку кідалі, а большых дзяцей і жанчын палілі ў суседнім хляве. Калі абрынуўся прагарэлы дах, сталі бачныя целы людзей, якія, абвугленыя, ужо мёртвыя, дагаралі стоячы - настолькі шмат іх там было нагнана.
Калі скончылася зверства, нас выпусцілі і сталі грузіць на падводы, каб везці ў Боркавічы. Там нам з мамай пашанцавала - нас убачыла наша цётка, Валатковіч Ефрасіння Адамаўна, якая жыла тут. Яна выкупіла нас у фашыстаў за прадукты. А тату сагналі ў Нямеччыну.
У цёткі мы і жылі да канца вайны. Аднойчы знайшлі здзічэлую курыцу. Дык мы яе так бераглі, каб яна нам хутчэй яйка знесла. А калі яно, нарэшце, з'явілася, то мы аднеслі яго хворай на тыф дзяўчынцы, якая зусім была слабая.
12 красавіка 1945 памерла ад дыфтэрыі сястра Волечка. Пасля вайны мы вярнуліся ў нашу спаленую вёску Астроўшчыну. Жылі ў зямлянцы. Неўзабаве вярнуўся з палону тата, і мы сталі будаваць свой дом у Ганчарове.
Мама і тата працавалі ў калгасе. Каб засеяць калгасныя палі, мама з іншымі жанчынамі з вёскі хадзіла пешшу за насеннем аж у Брушкава, за 35 кіламетраў ад нашай вёскі. Там ім выдавалі па пуду збожжа. Выходзілі яны на золку, а вярталіся ўжо позна ўвечары. Так і аднаўлялі паволі калгасную гаспадарку пасля вайны. Цяжка было ўсім.
Я скончыла Юзэфоўскую сямігодку, затым Галубаўскую вячэрнюю школу. Паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, а пасля яго заканчэння 20 гадоў працавала бібліятэкарам у Юзэфоўскай бібліятэцы. Вайна прынесла шмат гора, бед, забрала жыцці родных і блізкіх людзей, пакалечыла лёсы. Да гэтага часу той жах перад вачыма стаіць. Хай будзе толькі мір на зямлі. Хай растуць, радуюцца дзеці і ў іх будзе дзяцінства.




